Раіса Баравікова: З мяне зрабілі «ворага народу»

Адразу пяцёра беларускіх літаратараў — Раіса Баравікова, Валеры Гапееў, Алена Масла, Алесь Наварыч і Андрэй Федарэнка — выйшлі з прыўладнага Саюзу пісьменнікаў Беларусі.  



3c76527b_4b99_401c_8cb1_4004aa3be81e_w640_r1_s_cx0_cy7_cw0.jpg

Што падштурхнула іх на такі крок? Якая атмасфера пануе ў пісьменніцкай арганізацыі, якую нязменна, ад 2006 года, узначальвае Мікалай Чаргінец? Госцяй «Вольнай студыі» — паэтка, лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Раіса Баравікова.

— Спадарыня Раіса, вы ў чаргінцоўскім саюзе былі з дня яго заснавання, з 2006 года. Што здарылася, чаму вы вырашылі пакінуць гэтую арганізацыю?
 

— У сваёй заяве я напісала вельмі коратка: я беларуска, я ўсё жыццё змагалася за беларускую літаратуру, усімі магчымымі сродкамі яе рэкламавала. І таму з прычыны непаважлівага стаўлення да беларускай мовы і літаратуры пэўных асобаў з СПБ я проста не магу заставацца ў такой арганізацыі. У заяве я нават Пушкіна працытавала: «На вялікі жаль, я не магу сказаць:«Друзья, прекрасен наш союз». Усё ж такі, калі людзі збіраюцца ў саюз, гэта, як правіла, аднадумцы, аб’яднаныя адной ідэяй. У адным саюзе не можа быць, як у крылоўскай байцы: рак цягне назад, лебедзь — у неба, а нехта — яшчэ некуды. А тут…
 

Я ніколі не сутыкалася з тым, з чым сутыкнулася ў 2010 годзе. Здаецца, у расейскага пісьменніка Максімава ёсць твор, які называецца «Зазірнуць у бездань». Дык вось, у 2010-м я ўпершыню зазірнула ў бездань. А пачалося ўсё з таго, што ў № 8 за 2009 г. часопіса «Маладосць», які я тады рэдагавала, было надрукавана выдатнае апавяданне Андрэя Федарэнкі «Уночы». І вось раптам у Адміністрацыю прэзідэнта з Чашнікаў прыходзіць ананімка, якую пераслалі ў холдынг «Літаратура і мастацтва». І там я прачытала жахлівыя словы: «Просим вас, кто причастен к вопросам идеологии, прочесть этот “шедевр” Федоренки. Как и где в нашей стране могут быть такие герои? Они могут быть только в бредовом сознании больного писателя, скорее — врага нашей страны, нашего народа. А если ты враг, то почему тебя печатают в государственом журнале?». Для мяне гэта быў шок.
 

Потым мы надрукавалі выдатны гістарычны раман Леаніда Дайнэкі «Назаві сына Канстанцінам». Адзін з герояў рамана — Канстанцін Астроскі. І там апісана бітва пад Воршай. Пасля публікацыі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі было наладжанае абмеркаванне часопіса «Маладосць». Запрасілі мяне на прэзідыум і раптам гавораць, што гэта антырасейскі раман, што Баравікова — ледзь не нацыяналістка!

— Як паводзілася кіраўніцтва СПБ на тым прэзідыуме адносна вас?
 

— Я не магу сказаць, што тактоўна. Абмеркаванне тычылася не толькі Дайнэкі. Потым мяне абвінавацілі, што надрукавала раман Алены Брава «Менада і яе сатыры». А той раман быў перакладзены на расейскую мову, надрукаваны ў Расіі і атрымаў нейкую прэмію! У Амерыцы той раман разам з іншымі творамі атрымаў прэмію «Залатая куля». І вось гэтыя кроплі капалі-капалі-капалі… А потым на сайце псіхолага (ён так сябе пазіцыянуе) Аляксандра Новікава litkritika.by з’яўляецца жахлівы, неверагодна абразлівы артыкул. Я магла падаць у суд на яго.
 

— Новікаў, наколькі я ведаю, сябра СБП. А што да ягонага сайту… Паводле litkritika.by найлепшы паэт — Анатоль Рубінаў…
 

— І тым не менш, артыкул быў проста абразлівы, і я яшчэ тады хацела выйсці з саюзу. Я ледзь сябе стрымлівала, нават многім пісьменнікам казала пра свой намер. Больш за тое, калі быў з’езд Саюзу беларускіх пісьменнікаў, мы сустрэліся з Верай Вярбой, з якой доўгі час сябравалі. І яна мяне папракнула: «Як ты магла ўвогуле ўступіць у той саюз? Як ты можаш там знаходзіцца?». Я пабажылася ёй, што выйду. І цяпер я адчуваю сваю віну перад Верай, бо мінулым летам яна памерла.
 

— Вы вядомая паэтка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы. Ваш выхад, думаю, павінен быў засмуціць кіраўніцтва СПБ. Ці былі нейкія спробы ўгаварыць вас застацца?
 

— Асаблівых спробаў не было.
 

— Дык можа, старшыня СПБ Чаргінец узрадаваўся?
 

— Я не ведаю, наколькі ўзрадаваўся Мікалай Іванавіч, але мне самой размова ў ягоным кабінеце была не надта прыемнай. Я проста аддала заяву. Чаму я павінна нешта тлумачыць, нібыта я ў нечым вінаватая? Я прыняла такое рашэнне. Я ж не дзяўчынка, я пражыла вялікае жыццё.
 

— Ад сваіх знаёмых літаратараў, якія працягваюць заставацца пад кіраўніцтвам Чаргінца, мне неаднаразова даводзілася чуць: вось вы, маўляў, нас крытыкуеце, а мы знаходзімся на пярэднім краі змагання за беларушчыну, бо мы працуем ледзь не ў варожым стане… Вы таксама так лічылі?
 

— Яшчэ гады чатыры таму я так не лічыла. Цяпер, пачытаўшы ўсе гэтыя матэрыялы на сайце litkritika.by, дзе беларускіх пісьменнікаў называюць «мовафіламі» і «сваямоўнымі», я таксама схільная так думаць. Я беларуская пісьменніца, гэта мая родная мова, мова маіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Я ганаруся тым, што я размаўляю на гэтай мове, пішу на ёй. А вы пачытайце на сайце выказванні накшталт: «Никакая тварь не должна указывать, на каком языке мне писать»… Альбо:«Крысы бегут с корабля»… Гэта пра нас, тых, хто выйшаў. Што гэта такое?!
 

— Часам я ў Нацыянальнай бібліятэцы гартаю цяперашнія часопіс «Полымя», тыднёвік «Літаратура і мастацтва» — органы СПБ. Уражанне — сумнае… А як вы ацэньваеце гэтыя перыёдыкі, на выданне якіх трацяцца немалыя грошы з дзяржбюджэту?

— Чаму ж, былі цікавыя публікацыі ў Леаніда Галубовіча, выдатнага нашага пісьменніка, які ўзначальваў у «ЛіМе» аддзел крытыкі. Але ён мусіў сысці з газеты. На маіх вачах вырас вельмі таленавіты празаік Анатоль Казлоў. У свой час Таіса Бондар ледзь не на каленях умольвала Казлова, каб ён пагадзіўся ўзначаліць «ЛіМ». Ён пагадзіўся і вельмі сумленна працаваў. Потым кіраўніцтва СПБ абвінаваціла Анатоля Казлова ледзь не ў нацыяналізме, ледзь не ў распальванні міжнацыянальнай варажнечы, і ён таксама сышоў з пасады. Так што сённяшняя сітуацыя — вынік тае кадравай палітыкі, якая праводзіцца кіраўніцтвам СПБ.
 

— СПБ існуе ўжо сёмы год. Каля 70% яго чальцоў — расейскамоўныя. Прычым, яны даволі агрэсіўныя — як, прыкладам, Краснова-Гусачэнка з Віцебску ці той самы Новікаў, рэдактар сайту litkritika.by. Ды і СПБ нязменна ўзначальвае Мікалай Чаргінец, які прынцыпова не гаворыць па-беларуску. Ці не здаецца вам, што саюз, з якога вы выйшлі, і ствараўся з мэтай узняць на катурны расейскамоўную літаратуру ў Беларусі, а беларускую — прынізіць і ўтаптаць у гразь?
 

— У мяне часам узнікае такое адчуванне. Але мне здаецца, што тут усё нашмат прасцей — некаторым людзям хацелася стварыць сваё літаратурнае аб’яднанне. Магчыма, задумваўся саюз расейскамоўных пісьменнікаў, якія жывуць у Беларусі. Але што тады рабіць з беларускімі пісьменнікамі? І тады іх проста далучылі. Узнікла канкурэнцыя — вы згадайце, як спачатку адсочвалі, каб не выступалі ў школах і ВНУ пісьменнікі са старога саюзу. Мне здаецца, што тады была нейкая самадзейнасць, менавіта дзеля таго, каб сцвердзіцца. А што атрымалася ў выніку? У нас ніколі такога не было. Які вораг народу Федарэнка?! А чаму з мяне зрабілі ворага народу, ды такога, што мяне трэба, прабачце, увогуле саджаць у турму?!
 

— Ці маеце вы намер стаць сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў, які працягвае існаваць як альтэрнатыва арганізацыі Чаргінца?
 

— У сваёй заяве аб выхадзе я напісала: прашу вярнуць маю асабістую справу, дзе рэкамендацыі народнага паэта Пімена Панчанкі, Эдзі Агняцвет і Рамана Тармолы, дадзеныя мне яшчэ ў 1977 годзе. Сёння гэта ўжо не проста рэкамендацыі, а гістарычныя дакументы, для мяне вельмі дарагія, гэта частка маёй літаратурнай біяграфіі. І вось аказалася, што няма ў СПБ маёй асабістай справы. Я тады пазваніла старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барысу Пятровічу і папрасіла праясніць сітуацыю. Высветлілася, што мая справа ў старым саюзе. Так што быццам я з яго і не выходзіла… Вядома, пасля ўсіх публікацый, дзе мяне назвалі пацуком і мовафілам, я папрашу кіраўніцтва СБП аднавіць мяне ў родным для мяне саюзе, у якім я прабыла 30 гадоў.
 

— Якой вам бачыцца будучыня беларускай літаратуры? Ці застануцца два саюзы, ці яны абодва непатрэбныя? Ці, можа, ім трэба з’яднацца ў адзін?
 

— Думаю, што з’яднацца ў адзін — гэта не зусім добрая ідэя. Апошнія падзеі гэта яскрава пацвярджаюць. Я ведаю, што ў некаторых былых савецкіх рэспубліках ёсць па два пісьменніцкіх саюзы, але гэта — расейскамоўныя і нацыянальныя літаратары, якія пішуць на роднай мове. На маю думку, так мусіць быць і ў нас.

— Але і ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў нямала літаратараў, якія пішуць па-расейску.
 

— Ну тады я памыляюся, тады я не стратэг. І ўсё ж у саюзе людзі павінны быць аб’яднаныя адной справай, адным пачаткам, адной літаратурай, адной мовай. Хоць у нашым старым саюзе былі выдатныя расейскамоўныя паэты. Скажам, Навум Кіслік. Ён жа пераклаў на расейскую цэлую кнігу Янкі Купалы, перакладаў нас, маладзейшых, і стараўся надрукаваць у Маскве. Тое самае рабілі Ігар Шклярэўскі, Пётра Кошаль, Браніслаў Спрынчан, Любоў Турбіна… Я больш за сорак гадоў сябрую з драматургам Аленай Паповай, якая жыве ў Мінску і піша па-расейску. Я пераклала каля дзесяці яе п’есаў на беларускую мову, і яны ішлі ў нашых тэатрах. І ніхто нікога не супрацьпастаўляў, як гэта адбываецца цяпер. І ўсё ж я перакананая, што беларуская літаратура была, ёсць і будзе, яна застанецца і праз 200, і праз 300 гадоў. Мы ўсе дзеля гэтага працуем. Думаецца, што і маіх вершаў дваццаць і адна з дзіцячых кніг застануцца ў гісторыі нашага пісьменства.
 

Беларусь — наша зямля, наша бацькаўшчына, беларуская мова — дзяржаўная. І ніхто не мае права яе зневажаць і зневажаць тых, хто на гэтай мове піша.

Міхась Скобла, www.svaboda.org