«Разбурыце міфы ў сваёй галаве!» Гамяльчанка са Славакіі папулярызуе беларускую мову

Гамяльчанка, якая атрымлівае адукацыю ў Еўропе, стварае матывацыйныя відэа па-беларуску. «Хочацца натхняць вучыць і карыстацца роднай мовай. Вельмі спадзяюся, што атрымаецца «абудзіць» некаторы адсотак беларусаў», — кажа яна.

img_20221015_213214_085_scaled_e1670404910885.jpg


Насця Драбышэўская нарадзілася і вырасла ў Гомелі. Там жа скончыла школу. Цяпер вучыцца ў Браціславе (у Славакіі) ва ўніверсітэце імя Коменскага, на спецыяльнасці «перакладчык» з камбінацыяй моў англійская-італьянская.

«Для мяне сюды дадалася яшчэ і славацкая, на якой вядзецца выкладанне. У гэтым навучальным годзе сканчаю бакалаўрыят, чаму невымоўна рада. Мовы заўсёды мяне цікавілі, таму зараз у маёй калекцыі іх 6: руская, беларуская, англійская, італьянская, славацкая і пакуль што самая слабенькая — французская…», — распавядае яна гомельскаму парталу «Штодзень».


Як Насця апынулася ў Славакіі

— З прычыны вымушанай эміграцыі пасля 2020-га года ў Францыі апынулася мая сям’я, а я паехала вучыцца ў Славакію. Мой ад’езд быў запланаваны. Апошнія гады навучання ў беларускай школе сістэма стала асабліва ціснуць, многія моманты раздражнялі і здзіўлялі. Напрыклад, «палітінфармацыя» пасля сёмага ўрока, на якую заганяюць паслухаць пра камбайны і паспяховасць нашай краіны ў сусветнай  эканамічнай прасторы. Даваенная падрыхтоўка як дэма-версія арміі мяне зусім уразіла — агідныя адчуванні, калі цябе не прымаюць за чалавека. Таму ідэя з’ехаць у іншую краіну за вышэйшай адукацыяй стаяла выразна. Аднак варыянт са Славакіяй з’явіўся зусім спантанна, і ў пачатку верасня 2020-га я з’ехала.


Ад’езд паўплываў на ўзмацненне беларускасці

— Усвядомленасць таго, што трэба нешта рабіць у плане пашырэння беларускай культуры і мовы, прыйшла паступова. Гісторыю я пачала вучыць у 11 класе, для экзаменаў, потым гэта перарасло ў асабісты інтарэс. Цяпер разумею, што мне неверагодна пашанцавала з настаўніцай. Яе манера выкладання і рэалізм у падачы фактаў сучаснай гісторыі вельмі чаплялі. Мне здаецца, менавіта дзякуючы ёй у мяне з’явіўся гонар за нашу гісторыю, краіну і вызначэнне «беларус».

Адсутнасць магчымасці вярнуцца дадому, пабачыцца са сваякамі і сяброўкамі — прыгнятае. Душа патрабуе чагосьці роднага і цёплага, таму пачала падкормліваць маленькую беларусачку ўнутры мяне кнігамі, разнастайным кантэнтам, размовамі на беларускай.


Гісторыя стварэння ютуб-канала «Хмарка»

— Сёлета з’явілася жаданне рабіць нешта на беларускай мове. Я прааналізавала свой вопыт і зразумела, што мой слоўнікавы запас італьянскай мовы неверагодна развіўся дзякуючы відэаблогерам. Вырашыла скарыстаць такую ж самую стратэгію і з беларускай, але шмат чаго не знайшла і вырашыла стварыць сваё. Пазней, восенню, вядомыя беларускія блогеры стварылі праект «Школа відэаблогера», што і дало велізарны штуршок.

Пакуль што ў планах развівацца ў напрамку лайф-кантэнту, перыядычна разводзячы яго чымсьці карысным. Магчыма, у будучыні з’явіцца нейкі больш вузкі праект, але ідэі пакуль што не структураваныя. Хочацца натхняць вучыць і карыстацца роднай мовай, пашыраць слоўнікавы запас і мой, і маіх гледачоў. Вельмі спадзяюся, што з яго дапамогай атрымаецца «абудзіць» некаторы адсотак беларусаў, і, магчыма, даць некаторую матывацыю для падрастаючых беларусікаў.

img_20220528_212945_206_scaled.jpg


Чаму зацікавілася беларускай мовай

— Падзеі, якія адбываюцца з 2020 года, ярка паказваюць знікненне нашай ідэнтычнасці, што вельмі хочацца прадухіліць. Моцна на мяне паўплывалі і меркаванні некаторых рускіх таварышаў пра тое, што беларуская мова зусім не самастойная, навошта ёй права на існаванне.

Пазней прайшла «траўма» ад школьных метадаў навучання, я пачала вывучаць мову самастойна. На першым курсе пісала курсавую на італьянскай мове, параўноўваючы з беларускай некаторыя лінгвістычныя моманты. Гэта было так захапляльна, што я натхнілася і дыплом сёлета пішу на аснове параўнальнага аналізу беларускіх і італьянскіх прыказак і прымавак.

Мяне радуе, калі маё кола зносін (не заўсёды беларусы) усё больш і больш пачынае выкарыстоўваць беларускую мову, калі міжнацыянальныя аднагрупнікі, выкладчыкі і знаёмыя перастаюць блытаць Беларусь з Украінай ці Расіяй і лічыць, што нашы мовы — гэта «ўсё роўна адно і тое ж». Цяпер, як больш маштабная рэч, з’явіўся ютуб-канал.


Пра тое, ці запатрабаваная беларуская мова ў Беларусі і ў выгнанні

— На жаль, сярод моладзі ў Беларусі ўсё яшчэ шмат абыякавых. Гэта тыя людзі, якія наогул не сочаць за навінамі і ігнаруюць тое, што адбываецца, або, магчыма, у сілу нейкіх асабістых прынцыпаў не бачаць неабходнасці напружвацца. Ёсць і тыя, хто лічыць гэту мову калгаснай (шчыра іх не разумею). Радуе, што працэнт аматараў роднай мовы павялічваецца, а нацыянальная ідэя становіцца нават нейкім трэндам сярод інтэлігентнай моладзі.

У выгнанні ж знаходзяцца людзі з дакладным усведамленнем, чаму яны там, за што, якімі б абсурднымі не былі іх матывы. Яны, у большасці сваёй, і былі вымушаныя з’ехаць, таму што ім не абыякавы лёс Радзімы, а адпаведна і мовы.


Пра найбольш эфектыўны фармат для папулярызацыі мовы

— Больш эфектыўным было б папулярызаваць на дзяржаўным узроўні, аднак дадзеная опцыя нам зараз недаступная. Усе мы людзі розныя, але ўсе аднолькава сядзім у інтэрнэце. Таму я бачу выхад у разнастайнасці беларускамоўнага кантэнту. Бо чым больш мы чуем мову вакол сябе, тым больш набіраем і незаўважна для сябе пачынаем больш выкарыстоўваць. Я б, напрыклад, па вечарах з радасцю глядзела «National Geographic» пра пінгвінаў на беларускай… пакуль пра гэта можна толькі марыць.

Паглядзець канал можна тут.