Савелій і Рыгор: павесяліліся і разагналі нуду...

Шкада, што ў наш час знікла такая мастацкая плынь, як ананімная літаратура. Якая гэта была асалода, напрыклад, у застойныя 70-я гады мінулага стагоддзя гадаць, хто ж асмеліўся напісаць геніяльны «Сказ пра Лысую Гару»? Цяпер мы ўжо ведаем імя аўтара — Ніл Гілевіч. Дзякуючы даследчыкам, мы даведаліся і пра мяркуемых аўтараў «Тараса на Парнасе» (К. Вераніцын) і «Энеіды навыварат» (В. Равінскі). Ад гэтага змест паэм не стаў менш цікавым, але арэол таямнічасці гэтых твораў паменшыў.
 



15_2_liavon_voljski.jpg

Лявон Вольскі

Калі б у той час з’явіўся літаратурны твор «Саўка ды Грышка» паводле новага дыска з серыі «Бібліятэка «Свабоды» ХХІ стагоддзе» ў выглядзе кнігі ці самвыдатаўскіх сшыткаў, то яму б наканавана было б адразу стаць класікай ананімнай сатырычнай паэзіі ХХІ стагоддзя. Але мы жывем у эпоху, калі нічога не застаецца без аўтарства. Тым больш, дзякуючы сусветнаму павуцінню добра вядома, што сатырычны цыкл «Саўка ды Грышка. Сто песень: 2010–2012» быў прадуманы і ажыццёўлены на Радыё «Свабода» вядомым беларускім рок-музыкантам і паэтам Лявонам Вольскім.
Новая сатыра
Гэта была цудоўная, канцэптуальная ідэя — пераўтварыць дзеючых персанажаў каляднай народнай песні «Саўка ды Грышка» ў галоўных дзеючых асоб новай сатырычнай эпапеі — Савелія і Рыгора — і развесці іх па розныя бакі ідэалагічных барыкад, якія сёння ўзведзены на нашай зямлі. Ад гэта і былі выбраны характары сатырычнага цыклу: Савелій — апантаны прыхільнік дзеючай улады, які свята верыць усяму, пра што гавораць па тэлебачанню («цялівізар беларускі очэнь пазіціўны, он для всячэскай разгрузкі неабхадімый») і шчыра адзначае ўсе «чырвоная даты» каляндару. Мова Савелія адпаведная — камічная «трасянка», якая стала дзяржаўнай для бюракратыі, а значыць, і для нашага героя. Хаця Савелій скончыў беларускую школу, родную мову ён не любіць і кпіць з Рыгора, які карыстаецца «тарашкевіцай». Тая для Савелія стала адзнакай небяспечнай «рэвалюцыйнасці» («хто гаварыць на ім — адна старая ў дзярэўні, ну і куча адмарозкаў, што цягнуць апазіцыі павозку»).
У процівагу, Рыгор — свядомы апазіцыянер, змагар з рэжымам, не звяртае ўвагу на ярлыкі Савелія, кшталту «адмарозкі» ці «агент заходніх разведак». Ён так непарушна верыць у перамогу дэмакратыі і свабоды, што часцяком пачынае ў марах разгортваць самыя неверагодныя сцэнары развіцця падзей і краху рэжыму («маральныя пачвары ўсе пакінуць п’едэстал і нечакана здарыцца вясновы карнавал»), адрываецца ў сваіх ілюзіях ад рэальнасці, чым выклікае насмешкі свайго пастаяннага візаві Савелія.
І швец, і жнец…
Цікава, што ўвесь цыкл за антаганістаў Савелія і Рыгора праспяваў адзін Лявон Вольскі, які тут прадэманстраваў сапраўднае майстэрства пераўвасаблення. Голас Савелія напоўнены высокімі тэмбрамі дзяржаўніцка-ўзвышанага патрыятызму і непераможнага аптымізму. Але калі гэта тычыцца сямейных звадак альбо дэпрэсіўных думак, якія з-за эйфарычнага характару адносін да рэчаіснасці бывае апаноўваюць нашага героя, то Савелій можа «зацягнуць» так жаласна, што не грэх і пашкадаваць небараку.
Поўнай тэмбравай супрацьлегласцю гучыць на дыску голас Рыгора, які напоўнены годнай рашучасцю ў дасягненні ягонай (самі ведаеце якой!) мары («цёткі паслухмяныя хай месяць сваё цеста, а я пайду на акцыю маўклівага пратэсту»). У той жа час Рыгор праяўляе цвёрдасць, калі трапляе за краты. Гэтая цвёрдасць перадаецца аўтарам у спевах, якія ён выконвае паводле тых гістарычных прыкладаў пачатку ХХ стагоддзя, на якія ён арыентуецца ў сваім змаганні («Ліст ад Грышкі» з цытатай Я. Коласа «У турме»). Але і Грышку бывае сумна і яго ціснуць песімістычныя думкі, што адбіваецца на дынаміцы і манеры яго выканання («калі і будзе Плошча, дык толькі пару дзён»).
Безумоўна, у слухачоў можа ўзнікнуць пытанне, як Лявон так праспяваў за Савелія і Рыгора, быццам бы гэтыя ролі выканалі два розных спевака? Карыстаючыся інсайдэрскай інфармацыяй, выкажу здагадку, што тут справа ў выкарыстанні спецыяльных кампутарных праграм, якія дапамаглі агучыць дыяметральна супрацьлеглыя, але і ў нечым роднасныя, літаратурныя вобразы нашай сучаснасці.
За словам нота
Тым, хто знаёмы з паэтычнай творчасцю Лявона Вольскага, не трэба лішні раз нагадваць пра яго літаратурны талент, які рэалізуецца ў рок-паэзіі, лірычным і сатырычным рэчышчы. Сапраўды, слухачоў ужо колькі гадоў прыцягвае да песенных радкоў Лявона іх гранічная вобразнасць, разнастайная лексіка, інтэлектуальнасць, бездакорныя, а часам і нечаканыя рыфмы.
Цыкл «Саўка ды Грышка. Сто песень 2010–2012» замацаваў за Л. Вольскім яшчэ адно амплуа — сатырыка, які па-майстэрску выкарыстоўвае сітуацыйныя і моўныя кантрасты герояў, сучасны слэнг для стварэння гіпербалізаванага эфекту камічнасці. Слухачоў сапраўды ўражвае той факт, што цыкл адлюстроўвае значныя гістарычныя падзеі мінулых двух гадоў, якія, бывала, здараліся цягам аднаго тыдня. За гэты кароткі час Лявон ствараў не толькі рыфмаваныя дыялогі на актуальную тэму, але і мелодыі да іх, аранжыроўкі і запісваў іх у студыі. Гэтак жа здзіўляе трапны выбар тэмаў для новых музычных скэтчаў: быццам бы музыкант стаў абазнаным палітычным аналітыкам, які дзень за днём фіксаваў і асэнсоўваў думкі і ўчынкі сваіх персанажаў у плыні гістарычных падзей.
Постмадэрнісцкай феерычнасцю адрозніваецца і меладычнае суправаджэнне цыклу. Хоць музыка ў ім, здаецца, выконвае падпарадкаваную ролю, яна нясе дадатковую ілюстратыўную функцыю. Што тычыцца асноўнага стылістычнага кірунку, дык Лявон шырока ўводзіць у цыкл мінімалістычны, з тутэйшым каларытам, сінт-поп, які характарызуецца выкарыстоўваннем сінтэзатраў і кампутараў для стварэння аранжыровак песень, даюць неабходную вобразнасць і разнастайнасць.
А вось з музычнымі жанрамі на новым дыску поўны карнавал і панаванне аўтарскай фантазіі! Тут Лявон Вольскі шырока выкарыстоўвае рэп, як гэта зроблена ў музычных чытанках «Газ» ці «Маналог Саўкі», мелодыі сусветна вядомых эвергрынаў «ABBA» («Money, money») ці Ніна Рота («Хросны бацька»), стандарты савецкай эстрады 70–80 гадоў, кшталту, «Королева красоты» («Партрэт кандыдата») ці «Остров невезения» («Астравок стабільнасці»), «Как провожают пароходы» («Туды, сюды — суды, суды»). Ёсць і нешта накшталт рок-аражыровак у стылі «Rammstein» («Вы жэ самі ўсё прэкрасна панімаеце»).
Глядзі ў корань
Асобная тэма размовы — фальклор у цыкле «Саўка ды Грышка. Сто песень 2011–2012». Калі ўжо гэтыя неўміручыя персанажы «прыйшлі» да нас з фальклорных даляглядаў, дык натуральна, што асноўны меладычны малюнак большасці песень цыклу мае народную песенную афарбоўку.
Мяркуйце самі: цыкл распачынаецца фантазіяй на тэму загалоўнай песні цыклу «Саўка ды Грышкам» («Знаёмства»). Далей у Лявона што ні скэтч, то мае народныя песенныя карані ці аўтар наўпрост цытуе нейкі беларускі спеў («Развітанне»), выконвае яго ў рытме прыпеўкі («Менскі форум», «Салавей», «Вынікі года»...).
Але не толькі ў беларускі фальклор пагружаны аўтар. Вольскі напоўніцу выкарыстоўвае стылістыку рускіх частушак («Расейскія госці»), яўрэйскія жартоўныя мелодыі («Дайце дзенег!»), а таксама сучасны крымінальны шансон, кшталту «Муркі» («Гудбай, Яўропа!»), «На Дерибасовской открылася пивная» («Кампанія блатная»). А якое ж постмадэрнісцкае мастацкае палатно можа абысціся без музычных пародый і алюзій. Слухачам тут, безумоўна, запомніцца едкая пародыя на «патрыятычны» хіп-хоп Ксеніі Дзягелькі («Мы ўсе ізь дзярэўні») ці алюзія на вядомую песню У. Высоцкага «Ой, Вань, гляди какие клоуны» («Паслы прыляцелі»). І такіх адкрыццяў на дыску шмат, таму і слухаецца ён на адным дыханні...

15_1.jpg


Нельга не сказаць некалькі слоў і пра само гэтае мультымедыйнае выданне. Новы дыск выйшаў у дыгіпаку і фірмовым серыйным афармленні, характэрным для такіх зборак, як «Сто бардаў Свабоды», «Начная чытанка», якія раней пабачылі свет на Радыё «Свабода». У яго мультымедыйнай скарбонцы для чытачоў прыхаваны больш за трыццаць кніг і аўдыё-дыскаў, аўтарамі якіх з’яўляюцца беларускія паэты і пісьменнікі, філосафы і музыканты розных пакаленняў — аўтараў Радыё «Свабода». Цяпер іх творы даступны для масавага знаёмства ў фармаце pdf. Але галоўны сюрпрыз новага выдання — сатырычны песенны цыкл «Саўка ды Грышка». Сто песень: 2011–2012», з дапамогай якога праз слёзы калі-небудзь стане адзіным цэлым гэты вечна раз’яднаны беларускі народ.