Шэрлак Холмс загаварыў па-беларуску

У бібліятэцы часопіса «ПрайдзіСвет» «PostScriptum» і бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» выйшаў зборнік апавяданняў Артура Конана Дойла «Прыгоды Шэрлака Холмса». Кніга ўжо ёсць у Цэнтральнай кнігарні, «Акадэмкнізе» і «Кнігах і кніжачках», а неўзабаве з’явіцца і ў іншых кнігарнях.



sherlock_holmes.jpg

«Шэрлаку Холмсу, гэтаму міфічнаму персанажу новага часу, які дагэтуль не дае спакою пісьменнікам, рэжысёрам і сцэнарыстам, не трэба нічога тлумачыць. Ён адразу бачыць, колькі ў вас дзяцей, што ў вас скралі і ці можна вас назваць шчаслівым. Не ва ўсіх гісторыях з гэтай кнігі расследуюцца заблытаныя злачынствы, але Шэрлак Холмс ведае: часам нават за простай справай стаіць сапраўдная таямніца, і разабрацца з ёй будзе не прасцей, чым з самым загадкавым забойствам». У кнігу ўвайшлі пераклады, зробленыя Ганнай Янкута, Аленай Казловай, Аленай Пятровіч, Кацярынай Маціеўскай, Аляксеем Арцёмавым. Прадмову да зборніка напісала Кацярына Маціеўская. Дызайн вокладкі – Марыя Мухіна. Некаторыя апавяданні са зборніка друкаваліся ў часопісах «Дзеяслоў», «ПрайдзіСвет» і газеце «Літаратурная Беларусь», аднак гэта першае асобнае выданне твораў пра Шэрлака Холмса па-беларуску.
Раней у бібліятэцы «PostScriptum» выходзілі зборнікі дэтэктыўнага і містычнага апавядання «Злачынства, сэр!» і «Вусцішны пакой», зборнік выбраных твораў Эдгара По «Маска Чырвонае Смерці» і п’еса Оскара Ўайлда «Саламея».

Анатацыя 


«Прыгоды Шэрлака Холмса» – першы зборнік апавяданняў пра знакамітага дэтэктыва, надрукаваны ў 1892 годзе, пасля аповесцяў «Эцюд у пунсовым» (1887) і «Знак чатырох» (1890). Зборнік уключае 12 апавяданняў, сярод якіх шмат добра вядомых і пазнавальных твораў, напрыклад, «Скандал у Багеміі» ці «Стракатая стужка», што неаднаразова экранізаваліся і пераасэнсоўваліся. Нягледзячы на тое, што далёка не ва ўсіх гэтых апавяданнях расследуецца сапраўднае злачынства, зборнік даўно ўвайшоў у залаты фонд дэтэктыўнай літаратуры і адыграў вялікую ролю ў станаўленні жанру.
prajdzisvet.org