Станіслаў Шушкевіч: Лукашэнка — антыбеларус і ўся яго 20-гадовая дзейнасць антыбеларуская
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч адзначае рост Святланы Алексіевіч як палітыка і гаворыць пра недарэчнасць варожых выказванняў Аляксандра Лукашэнкі ў бок пісьменніцы.

«Лукашэнка ўвогуле не разумее, што такое Нобелеўская прэмія. Любы прэзідэнт маліцца павінен, каб прадстаўнік яго краіны стаў лаўрэатамі, таму што гэта вялізнае прызнанне на сусветным узроўні. Што бачым мы? Абвінавачванне ў апазіцыйнасці пісьменніцы, якая ўпершыню такое прызнанне атрымала.
Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што Аляксандр Лукашэнка — антыбеларус і ўся яго 20-гадовая дзейнасць антыбеларуская. Ён стаіць на задніх лапках перад расейскім кіраўніком і выконвае ўсё, што яму загадаюць з Крамля.
Я вельмі пільна сачу ўсімі выступамі Святланы Алексіевіч і магу адзначыць, што яна вельмі моцна ўдасканалілася ў палітычным плане. Можна сказаць, што стала сапраўдным палітыкам. А як выступ у Кракаве — гэта вельмі ўзважаная ацэнка і аналіз сітуацыя. Магу сказаць, што мае думкі супадаюць з тым пра што гаворыць Алексіевіч. Адзінае, што яна ўмее вельмі выкшталцона іх выкласці. Я лічу, што мы павінны ганарыцца такім чалавекам. Найперш, беларускія жанчыны павінны ганарыцца», — сказаў Станіслаў Шушкевіч "Радыё Свабода".
Нагадаем, 24 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, наведаўшы творчы вечар расійскага кампазітара Віктара Дробыша, які быў арганізаваны ў «Мінск-Арэне», зрабіў рэзкую заўвагу «творчым асобам, нават лаўрэатам Нобелеўскай прэміі» з нагоды таго, што яны кепска выказваюцца пра Беларусь за мяжой: «Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці не выбіраюць. Яна такая, якая яна ёсць. Калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеешся яе, значыць, ты, перш за ўсё дрэнны сын», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле www.svaboda.org