Алексіевіч адказала на крытыку Лукашэнкі: Ніякай ідэі, абы ўтрымаць уладу
Святлана Алексіевіч у нядзелю, 25 кастрычніка, у эфіры радыёстанцыі «Гаворыць Масква» пракаментавала крытыку Аляксандра Лукашэнкі ў свой адрас. Пра гэта піша Lenta.ru
«Калі Лукашэнка павіншаваў мяне, хай не першы, я была рада, таму што зразумела, усё-ткі ён палітык. І раптам вось гэты каментар», — сказала беларуская пісьменніца.
Яна выказала меркаванне, што віншаванне Лукашэнкі з прысуджэннем ёй Нобелеўскай прэміі было зроблена таму, што набліжаліся выбары кіраўніка беларускай дзяржавы.
«Тут поўна было розных камісій міжнародных, і перад сваім народам трэба было трымаць твар, а цяпер ён вольны», — заявіла яна.
Паводле словаў пісьменніцы, яна ніколі не крытыкавала беларускі народ, а толькі палітычныя рашэнні прэзідэнта.
«Я б сказала, што не пра гэта трэба сёння прэзідэнту гаварыць. Народ чакае рэформаў, у народзе назапасілася энергія. А ў нас наогул ніякай ідэі. Толькі б утрымаць уладу. Калі гэта абраза беларускага або рускага народа, то я ня ведаю, дзе і ў якім часе мы жывем», — дадала Алексіевіч.
Раней у нядзелю Лукашэнка ў час ўзнагароджання ў Менску кампазітара Віктара Дробыша параўнаў музыку з Алексіевіч, падкрэсліўшы, што Дробыш, будучы далёка ад роднай зямлі, ніколі не саромеўся называць сябе беларусам, «у адрозненне ад асобных нашых творцаў, творчых асоб, нават лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, якія яшчэ не паспелі атрымаць яе, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну». Прэзідэнт таксама заявіў: «Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці не выбіраюць. Яна такая, якая ёсць. І калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеешся яе, значыць ты, перш за ўсё, дрэнны сын».
Верагодна, кіраўнік дзяржавы адрэагаваў на выказванні пісьменніцы за мяжой, у прыватнасці на сустрэчы з заходнімі журналістамі ў Берліне 10 кастрычніка. Тады Алексіевіч папярэдзіла Еўропу пра тое, што Лукашэнка «гандлюецца, каб набіць сабе цану ў адносінах з Расеяй, і зноў адвернецца ад Еўропы, калі атрымае расейскія грошы».