Надзея Саўчанка пра Алексіевіч: «Яна дачка вялікага і годнага беларускага народа»

Надзея Саўчанка адказала праз Радыё Свабода Святлане Алексіевіч, падзякаваўшы за стаўленне да яе самой і да Украіны.



nadzieja_saucanka_49a2.jpg

Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якую судзяць цяпер у Данецку Растоўскай вобласці, адказала пісьменніцы, лаўрэату Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч.

Карэспандэнт "Радыё Свабода" Антон Наумлюк раней выслаў Саўчанцы вытрымкі з інтэрв'ю пісьменніцы, у якім яна, у тым ліку, назвала выкраданнем арышт украінскай лётчыцы і запатрабавала яе вызвалення. Алексіевіч сказала тады:

«Мне вельмі падабаецца гэтая жанчына. Я памятаю самае першае інтэрв'ю Надзеі, як сумленна яна казала пра ўсё, што з ёй здарылася. Гэта чалавек перакананняў, чалавек са сваім поглядам. Гэта вайсковец, які рабіў сваю справу. Абараняў радзіму. Я лічу, што ўкраінская армія абараняе сваю радзіму. Саўчанку падманным шляхам выкралі, прывезлі ў Расею, пракуратура ня мае супраць яе ніякіх доказаў, у яе ёсць алібі. Калі я падпісвала тэкст ліста (у абарону Саўчанкі. — РС), то ўспомніла знакаміты здымак, на якім Пуцін намаляваны вярхом на кані — напаўголы, торс такі магутны. І вось я думаю: ну як гэта ўжываецца з тым, што мужчына ваюе з жанчынай? З такімі моцнымі, цікавымі жанчынамі? Калі ўжо ясна, што зусім мала засталося, каб Надзеі наагул не стала. На самых страшных войнах прынята паважаць стойкасць і волю суперніка, гэта рабілі нават немцы падчас Другой сусветнай вайны, колькі такіх прыкладаў. А чамусьці вось расейская ўлада на гэта не здольная».

gdb.rferl.org__993179e7_6b0d_4_9244f48d0ee18a81efe19c7b9b9e5fe2.jpeg

Ліст Надзеі Саўчанка Святлане Алексіевіч

У адказ Надзея Саўчанка падзякавала пісьменніцы за стаўленне да яе самой і да Украіны:

«Вялікі дзякуй за ўрывак з інтэрв'ю вялікай беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч. У Расіі яе назвалі савецкай пісьменніцай, Парашэнка назваў украінкай, але яна дачка вялікага і годнага беларускага народа! Яна заслужыла права праславіць сваю Радзіму і сваю нацыю на ўвесь свет! І не трэба яе перахрышчваць, перацягваючы коўдру славы на сябе. Я вельмі радая за гэтага чалавека і паважаю яе працу і творчасць. Я з ёй не знаёмая і, на жаль, пакуль не чытала яе кніг. Але ўжо замовіла іх у турму, — напісала Саўчанка ў лісце. — Я калісьці, яшчэ раней, пачула назву „У вайны не жаночы твар“ і саркастычна ўсміхнулася, бо я з жанчын, якія бачылі твар вайны... Але я зразумела, што нашы меркаванні з аўтарам шмат у чым супадуць, што гэта кніга не шавіністычны трактат аб тым, што месца жанчыны на кухні, а хутчэй наадварот — ода жанчыне. Я абавязкова прачытаю гэтую кнігу. Калі зможаце, абавязкова перадайце мае словы Святлане Алексіевіч і маю ўдзячнасць за стаўленне да мяне і да Ўкраіны.

А што тычыцца Пуціна з голым торсам на кані, у самалёце-знішчальніку і на тушэнні пажараў, і на паляванні ў тайзе, і на караблі, падводнай лодцы, і яшчэ там, дзе яго піярылі, то я лічу — малайчына! Гэта ўсё павінен умець кожны мужчына. Толькі вось іронія: я жанчына, а, уявіце сабе, таксама ўсё гэта ўмею. Хіба што чорнага пояса па самба ў мяне няма. Затое я выдатна танцую самбу. І ў каго з нас яйкі круцейшыя, час яшчэ пакажа. А вось прасіць літасці ў поскудзі я не буду. Ён ужо мне прайграў, калі ўлічваць той факт, што я баба, а ён мужык.

А вам журналісты, сумленныя і праўдзівыя, дзякуй за вашу працу. І падказвайце, калі я паводжу сябе неяк ня так. З павагай, Надзя».

Надзея Саўчанка знаходзіцца ў СІЗА ў Новачаркаску Растоўскай вобласці. Лётчыцу абвінавачваюць у дачыненні да гібелі расійскіх журналістаў ВГТРК летам 2014 года, а таксама ў замаху на жыццё ўцекачоў і незаконным перасячэнні мяжы. Саўчанка адмаўляе ўсе абвінавачванні і настойвае на тым, што яе незаконна вывезлі на тэрыторыю Расеі пры ўдзеле спецслужбаў.

www.svoboda.org