“Струны сэрца чыстага”. Канцэрт-мемарыял Барадуліна і Бураўкіна адбудзецца 10 лістапада

10 лістапада 2015 г. ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца канцэрт-мемарыял паэтаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна “Струны сэрца чыстага”. 



struny_serca_cystaha.png

Ідэя правядзення мемарыяльнай вечарыны належыць народнаму артысту Беларусі, дырыжору Міхаілу Казінцу — выдатнаму музыканту і глыбокаму знаўцу беларускай літаратуры і паэзіі. Творчасць вялікіх паэтаў беларускай зямлі Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна заўсёды адыгрывала вялікую ролю ў творчай дзейнасці маэстра Казінца, у фарміраванні яго светапогляду.

— Любоў да беларускай паэзіі прыйшла да мяне ў далёкія 60-я гады пад уплывам вершаў Барадуліна і Бураўкіна, — гаворыць Міхаіл Казінец. — Мы былі з аднаго пакалення, а з Генадзем Бураўкіным яшчэ і сябравалі. Рыгор Барадулін — першаадкрывальнік новых даляглядаў у лексіцы паэзіі. У яго вершах рассыпаны разынкі народнага гумару. Генадзь Бураўкін — паэт-лірык, але і ў ранняй, і ў позняй лірыцы ён заўсёды паўстае вялікім філосафам і грамадзянінам. І Барадулін, і Бураўкін — гэта носьбіты беларускасці, абодва вельмі тонка адчувалі беларускую мову. Лёс распарадзіўся так, што яны пайшлі з жыцця амаль адначасова, адзін за адным — вясной 2014 года…

Канцэрт “Струны сэрца чыстага” будзе складзены з 2-х аддзяленняў. У 1-м прагучаць песні на вершы паэтаў. У суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца будуць спяваць Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Задарожны, Андрэй Коласаў і іншыя артысты. Прагучаць галасы паэтаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, якія будуць чытаць свае вершы.

У 2-м аддзяленні Міхаіл Казінец будзе дырыжыраваць Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі. Для выканання абрана Шостая сімфонія Андрэя Мдывані “Полацкія пісьмёны” — твор, які апавядае пра выдатных дзеячоў старажытнасці — Ефрасінню Полацкую і Францыска Скарыну. Постаці нашых вялікіх сучаснікаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна нібы становяцца ў адзін шэраг з гэтымі вялікімі гістарычнымі асобамі…

budzma.by