«Свята роднай мовы» ў клубе «Грай»
У сталічным клубе «Грай» 21 лютага Арт Сядзіба ладзіць Свята роднай мовы.
Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны UNESCO ў 2000 годзе і адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага.У гэты дзень ва ўніверсітэтах і клубах праходзяць адмысловыя мерапрыемствы і акцыі, у сацыяльных сетках і СМІ з’яўляюцца шматлікія конкурсы і публікацыі, і ўсё прысвечана беларускай мове.
Арганізатары «Свята роднай мовы» хочуць паказаць, што «беларуская мова не толькі жыве і развіваецца, але і натхняе вялікую колькасць людзей на цікавыя ды яскравыя праекты». У клубе «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33) з 18.00 да 22.00 чакае шмат цікавостак і сюрпрызаў: паб-квіз, гульнятэка, конкурсы і, канешне, беларуская музыка.
Праграма:
18:00-20:00 — у галоўнай залі пройдзе клубная інтэлектуальная гульня «Грай-квіз».Што такое «Грай-квіз»? У гульні сем тураў рознага кшталту. Якія менавіта — паглядзіце, калі прыйдзеце! Колькасць пытанняў у турах ад дзевяці да трох. Першы тур — самы доўгі, апошні — самы кароткі.Мы ладзім гэтую гульню таму, што хочам, каб людзі ў Беларусі больш размаўлялі па- беларуску. Калі вы будзеце абмяркоўваць пытанні па-беларуску — наша мова будзе жыць!Рэгістрацыя тут
18.00-20.00 — у другой залі будзе праходзіць «Гульнятэка». Кожны жадаючы зможа згуляць у беларускамоўныя настолкі: «Багач», «Казачнік», «Прастол ВКЛ».Запіс тут
20:00-20:15 — прэзентацыя другой часткі кнігі Глеба Лабадзенкі і Алесі Літвіноўскай «МОВА НАНОВА: 20 КРОКАЎ ДА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ».Гэта новыя 20 крокаў (урокаў), якія ўвабралі ў сябе 17 лексічных і граматычных тэм + 3 крокі, прысвечаныя нашым выбітным суайчыннікам: Якубу Коласу, Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну. Прычым, частку пра Коласа пісалі ягоныя ўнучка і праўнучка — Марыя і Васіліна Міцкевічы! А частку пра Быкава — найлепшы біёграф Быкава Сяргей Шапран!
20:15-22:00 — выступ музычных гуртоў: Zanzibar, Recha, Znarock.
Пачатак імпрэзы а 18-й. Сачыць за навінамі падзеі можна праз суполку «Укантакце».