Топ-10 фільмаў пра грошы

Пасьля прагляду стужак з сёньняшняга спісу вы, напэўна, зможаце прэтэндаваць на пасаду прадстаўніка Аб’яднанага кабінэту па фінансах і эканоміцы, якая вызвалілася пасьля адстаўкі Тацьцяны Зарэцкай.

Кадр з адной са стужак нашага спісу

Кадр з адной са стужак нашага спісу

Нумар 10. Гульня на зьніжэньне (The Big Short). 2015

the_big_short.jpg

Заснаваная на кнізе Майкла Льюіса, стужка распавядае пра тое, як некалькі трэйдараў і спецыялізаваных інвестыцыйных фондаў (хэдж-фондаў) нажылі багацьце, бо заўважылі, што спад рынку жыльля прывядзе да краху аблігацый, створаных з іпатэчных крэдытаў. Тэрміналёгія незразумела сухая, адначасова з тым махінацыі неверагодна заблытаныя. Галоўны тэзіс гісторыі, экранізаванай рэжысэрам Адамам МакКеем, заключаецца ў тым, што калі банкаўская справа стала галоўнай галіной у Злучаных Штатах Амерыкі, банкіры наўмысна прыдумалі фінансавыя інструмэнты, галоўнай функцыяй якіх была дапамога багатым стаць багацейшымі і выцягнуць усё са звычайных людзей. Гэта стала прычынай сусьветнага фінансавага крызісу 2007-2008 гадоў.  

Нумар 9. Працоўная паненка (Working Girl). 1988

working_girl.webp

У адрозьненьне ад папярэдняй драмы, гэты фільм — камедыйны. Майк Нікалс паставіў стужку з Мэлані Грыфіт, Харысанам Фордам і Сігурні Ўівэр, якія паказваюць нам цікавы эпізод з працы адной вялікай кампаніі. Звычайная сакратарка, якая марыць пра тое, каб заняць сваё месца ў сьвеце буйнога бізнэсу ў Нью-Ёрку. Аднойчы яе бос ламае нагу падчас катаньня на лыжах. Сакратарка атрымлівае звышнечаканую магчымасьць заняць яе месца падчас лекаваньня кіраўніцы. Выдаючы сябе за свайго боса, сакратарка праводзіць буйную ўгоду з інвестыцыйным брокерам. Сітуацыя ўскладняецца, калі вяртаецца яе бос. Як жа складзецца мазаіка працоўных адносінаў? Глядзіце і ўсьміхайцеся, гэта вельмі карысна. 

Нумар 8. Чужыя грошы (Other People's Money). 1991

other_people_s_money.jpeg

Стужка Нормана Джуісана з Дэні дэ Віта, Грэгары Пэкам і Пэнелопай Эн Мілер у галоўных ролях. Мы станем сьведкамі таго, як цалкам прагматычны герой дэ Віта, які займаецца тым, што скупляе кампаніі, а потым распрадае іх актывы, натыкаецца на вельмі старога кіраўніка чарговай фірмы. Дэні дэ Віта спрабуе ажыцьцявіць свой плян зноў, але на яго шляху ўзьнікае занадта разумная юрыстка, нанятая старым кіраўніком. Яна адначасова зьяўляецца прыёмнай дачкой апошняга. Паміж акулай і юрысткай узьнікае двубой за кампанію. Але ў справу далучаецца закаханасьць дэ Віта ў паненку. Цудоўны лёгкі фільм, які створыць прыемны вечар для гледачоў. 

Нумар 7. Як выйсьці замуж за мільянэра (How to Marry a Millionaire). 1953

how_to_marry_a_millionaire.jpg

Мэрлін Манро ў стужцы іншага кшталту. Тут яе гераіня не валодае капіталамі, але толькі імкнецца іх атрымаць. Стары як сьвет спосаб: выйсьці замуж за мільянэра. Рэжысэр Жан Негулеску знаёміць нас з трыма сяброўкамі, чый стартап палягае на тым, каб зьняць максімальна шыкоўную кватэру ў Нью-Ёрку, заляцацца да мясцовай эліты і ўрэшце прадаць сябе як мага даражэй. Падчас няўдалых спробаў сяброўкам прыходзіцца прадаваць начыньне здымнай кватэры, каб замовіць ежы. Поўная камэдыйных сітуацый стужка, дзе гераіні апранаюць, як бы зараз сказалі, рэтра-строі. Паглядзіце, цалкам верагодна, вы б жадалі мець нешта падобнае ў сваім гардэробе (альбо гардэробе сваёй музы). 

Нумар 6. Чараўнік хлусьні (The Wizard of Lies). 2017

the_wizard_of_lies.jpg

Фільм Бары Левінсана з бездакорным Робэртам Дэ Ніра ў галоўнай ролі апавядае рэальную гісторыю чалавека, які пабудаваў фінансавую піраміду, якой яшчэ не бачыў сьвет. Ён скраў каля 65 мільярдаў даляраў у даверлівых амэрыканцаў, якія добраахвотна несьлі грошы ў яго праэкт, ад пачатку сьвядома пабудаваны ў якасьці бурбалкі. Хтосьці ўмее інвеставаць, хтосьці гандляваць акцыямі, нехта трымае грошы ў банку, а герой гэтага фільма ўмее зарабляць пазначаным чынам. Цікава, што нягледзячы на шматкроць паўтораныя перасьцярогі пра махляроў, людзі што ў ЗША, што ў нас, у Беларусі, працягваюць верыць «экспертам на словах» і аддаваць свае сродкі. Амаль увесь фільм «Чараўнік хлусьні» разгортваецца пасьля арышту героя Робэрта Дэ Ніра ў 2008 годзе. 

Нумар 5. Зьмяніцца месцамі (Trading Places). 1983

trading_places.webp

У стужцы Джона Лэндзіса два браты, якія кіруюць брокерскай кампаніяй, паспрачаліся наконт таго, спадчыннасьць ці асяродак адказваюць за характар ​​чалавека. Браты ладзяць «навуковы экспэрымент», у якім бяруць афэрыста з вуліцы і свайго элітарнага выканаўчага дырэктара і зьмяняюць іх месцамі. Дырэктар  у поўным прыгнёце ў жыцьці на вуліцы, а афэрыст квітнее як ​​таварны брокер. Камэдыя выходзіць на новы ўзровень пасьля таго, як два чалавекі, якіх прымусілі заняць месца іншага — вырашаюць расправіцца і з уласьнікамі кампаніі. 

Нумар 4. Фальшываманэтчыкі (Die Fälscher). 2006

die_falscher.jpg

Лепшы замежны фільм года на цырымоніі Оскар. Гэта нямецкі фільм пра нямецкі канцлягер. Галоўны герой — габрэй — жыве ў Бэрліне, яго цікавяць карты, паненкі і віно. Аднойчы яго раптоўна арыштоўваюць і кідаюць у лягер. Там ён становіцца вядомым дзякуючы сваім уменьням, яго пераводзяць у спэцыялізаваны лягер, дзе прымушаюць рабіць выключна ідэальныя падробкі даляраў і фунтаў, каб зь іх дапамогай падарваць эканоміку заходніх краінаў. Перад галоўным героем паўстае пытаньне: што лепш — працаваць на Гітлера ці памерці. Падчас прагляду вы атрымаеце амаль сапраўдны досьвед пражываньня ў канцлягеры, акрамя таго досьведу, як рабіць падробную валюту. 

Нумар 3. Уол-Стрыт (Wall Street). 1987

wall_street.jpg

Клясычная стужка Олівэра Стоўна, якая распавядае пра дзейнасьць самай знакамітай у фінансавым сьвеце вуліцы. Фільм першапачаткова меўся называцца «Прагнасьць», што ўжо цалкам ёміста апісвае нам сутнасьць. Гледачы знаёмяцца з брокерам, які трапляе ў гэтую абмежаваную касту супрацоўнікаў Уол-Стрыт. Ён спрабуе сябе ў працы, спробы атрымліваюцца пасьпяховымі, а пасьля галоўны герой знаёміцца з больш дасьведчаным гульцом на гэтым рынку. І той пачынае вучыць героя быць па-сапраўднаму прагным да ўсяго, атрымліваць прыбытак, перамалваючы іншых, нават сяброў. Ці жадалі вы калі-небудзь пабываць на біржы? Уключайце фільм! 

Нумар 2. Воўк з Уол-Стрыт (The Wolf of Wall Street). 2013

the_wolf_of_wall_street.webp

Марцін Скарсэзэ зьняў сваю другую галоўную зорку жыцьця, пасьля Робэрта Дэ Ніра – таксама актора з італьянскімі каранямі — Леанарда Дзі Капрыё. Акрамя яго стужка поўная знакамітых актораў, сярод якіх Марго Робі, Мэцью МакКонахі. Мы ўбачым узьлёт і падзеньне брокера ў выкананьні Дзі Капрыё. Сьвецкае жыцьцё перамяжоўваецца з карупцыяй, злачыннасьцю і арыштамі. Кампанія галоўнага героя перажывае хуткі рост з 20 супрацоўнікаў да 250-ці, што тлумачыцца буйным ростам іх актываў і абаротаў. Але заўжды жадаецца больш. Тое, што павінна стрымліваць — законы фінансавага сьвету — не бяруцца пад увагу. Рост, які немагчыма кантраляваць. Карупцыя, якая зьядае цябе з сярэдзіны. Бліскучая роля Леанарда Дзі Капрыё. Шыкоўны фільм для прагляду ў цёмныя восеньскія вечары. 

Нумар 1. Гленгары Глен Рос (Glengarry Glen Ross). 1992

glengarry_glen_ross.jpeg

Калі вы любіце тэатар, калі вы аматар дыялёгаў, якія запаўняюць увесь час, гэты фільм Джэймса Фоўлі, які зьняты па п’есе — дакладна для вас. Героі Аля Пачына, Джэка Лемана і Алана Аркіна вядуць змаганьне ў офісе сваёй кампаніі, якая займаецца продажамі нерухомасьці, за сваё месца працы. Дырэктар у выкананьні Кевіна Спэйсі паставіў умову: праз тыдзень толькі два лепшых супрацоўнікі застануцца на сваім месцы, астатніх чакае звальненьне. Супрацоўнікі, апроч працы з кліентамі, пачынаюць ваенныя дзеяньні супраць адно аднаго. Стужка пачынаецца ў кавярні, дзе за вакном ідзе моцны дождж. Дарэчы, значная частка бюджэту пайшла на стварэньне гэтых гукаў дажджу, якія мы чуем амаль палову фільма.