Лепшы пераклад мастацкай кнігі, лепшая гістрычная проза і лепшая публіцыстыка (фотарэпартаж)

Першым лаўрэатам прэміі імя Карласа Шэрмана стаў Якуб Лапатка з перакладам фінскага эпаса «Калевала». ПЭН-цэнтр таксама вызначыў лаўрэатаў прэміі імя Францішка Багушэвіча і прэміі імя Алеся Адамовіча.



img_4606_logo.jpg


Выступоўцы былі аднадушныя: гэта каласальная праца і выканана яна на вельмі высокім узроўні. Пераклад усёй «Калевалы» заняў у Якуба Лапаткі каля 10 год. Летась, дзякуючы спонсарам кніга была выдадзеная Змітром Коласам. Аўтар перакладу атрымаў картку ад прадстаўніка Фонду «Вяртанне» з сумай, эквівалентнай 2000 умоўных адзінак.


Былі таксама ўшанаваныя намінанты прэміі, якія трапілі ў шорт-ліст. Сярод іх Павел Касцюкевіч з перакладам з ангельскай мовы кнігі Дугласа Адамса «Аўтаспынам па галактыцы» (Логвінаў), Францішак Корзун з перакладам з ангельскай мовы кнігі Клайва Стэйплза Льюіса «Лісты Круцяля» (Галіяфы), Алесь Пяткевіч з перакладам з польскай мовы кнігі Сяргея Пясецкага «Багам ночы роўныя» (ТАА «Гайсак»), Сяргей Сматрычэнка з перакладам з чэшскай мовы кнігі Іржы Кратахвіла «Ляжаць, шэльма!» (Логвінаў), Юлія Сматрычэнка з перакладам з чэшскай мовы кнігі Патрыка Оўржэдніка «Еўрапеана. Кароткая гісторыя дваццатага стагоддзя» (Логвінаў).


Усяго сёлета на конкурс была дасланая 21 кніга. Іх пераклалі з 8 моваў 34 перакладчыкі і выдалі 7 выдавецтваў. Найлепшыя кінгі выбірала журы ў складзе Лявона Баршчэўскага, Зміцера Коласа, Уладзіміра Папковіча, Андрэя Хадановіча і Юліі Цімафеевай.
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная сёлета ў гонар выдатнага беларускага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана (1934 – 2005). Сузаснавальнікамі прэміі сталі Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Дабрачынны фонд «Вяртанне».
Беларускі ПЭН-цэнтр уручыў таксама свае традыцыйныя штогадовыя прэміі — прэмію імя Францішка Багушэвіча і прэмію імя Алеся Адамовіча. Лаўрэатамі першай сталі публіцысты Святлана Марозава за кнігу «Сваёй веры ламаць не будзем» супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780-1839) і намеснік дырэктара нацыянальна-гістарычнага архіву Дзяніс Лісейчыкаў за кнігу «Святар у беларускім соцыюме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596-1839 гг». Прэміяй імя Алеся Адамовіча ўзнагароджаны Уладзімір Арлоў за кнігу «Імёны Свабоды».
Падчас імпрэзы выступалі Андрэй Хадановіч, Сяргей Макарэвіч, Барыс Пятровіч, Зміцер Колас, Уладзімір Някляеў, дачка Алеся Адамовіча Наталля, а таксама лаўрэаты прэмій. Вусныя выступы ў неафіцыйнай манеры перамяжоўваліся ўспамінамі, мастацкім чытаннем урыўкаў твораў і душэўнымі спевамі пад гітару. Атрымалася цудоўная творчая вечарына, тры гадзіны якой у гасцінным памяшканні Прэс-клуба праляцелі незаўважна.