«Вянок» Багдановіча перакладзены на сербскую мову
Сёлета ў еўрапейскай літаратурнай прасторы адбылася ўнікальная падзея: упершыню на сербскай мове загучалі вершы любімага беларускага паэта Максіма Багдановіча.
![10.07.2017_15_39_50_0998.jpg 10.07.2017_15_39_50_0998.jpg](/img/v1/images/10.07.2017_15_39_50_0998.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Да 100-годдзя дня памяці паэта ў Бялградзе была выдадзена кніга “Венац”. Аўтарам перакладаў з’яўляецца маладая сербская пісьменніца Даяна Лазарэвіч.
Мінула сто год як няма Максіма Багдановіча сярод нас, але і дагэтуль ягоная паэзія кранае сэрцы, заварожвае і натхняе маладых творцаў з усяго свету. Сведчанне таму – вянок паэзіі Максіма на сербскай мове.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча (Мінск, вул. Багдановіча, 7а) 13 ліпеня ладзіць прэзентацыю зборніка "Вянок" на сербскай мове. На прэзентацыі будзе магчымасць сустрэцца з перакладчыцай, а таксама з тымі, хто зрабіў магчымым выхад кнігі паэзіі Максіма Багдановіча ў далёкай Сербіі – вядомым славістам, доктарам філалагічных навук, акадэмікам Сербскай Акадэміі навук Іванам Чаротам і былым паслом Рэспублікі Беларусь у Сербіі Уладзімірам Чушавым.
Пачатак а 18 гадзіне.Уваход вольны!