18 гадоў таму выкралі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага
Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі бясследна зніклі 16 верасня 1999 года.
Увечары яны пайшлі ў лазню, размешчаную ў Мінску па вуліцы Фабрычная, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў «Джып-Чэрокі», які
належаў Красоўскаму.
Крымінальную справу па факце знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага распачала пракуратура Мінску. Па дадзеных следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзены аскепкі
пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне
знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці вывадаў аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку
паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі.
Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазраюць у дачыненні да іх выкрадання вышэйшых
службовых асобаў краіны.
Нагадаем, тры гады таму мінуў тэрмін даўніны па расследаванні крымінальных спраў зніклых беларускіх апазіцыянераў.
Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага няма з намі ўжо 18 гадоў!..