19 студзеня «Белая Русь», магчыма, стане партыяй улады
З’езд грамадскага аб’яднання «Белая Русь» пройдзе 19 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы. У мерапрыемстве плануецца ўдзел кіраўніка краіны.
Не выключана, што падчас з’езду будзе прынятае рашэнне аб пераўтварэнні гэтага грамадскага аб’яднання ў палітычную партыю. Але, ці сапраўды гэта адбудзецца, у самой «Белай Русі» пакуль не ведаюць. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы грамадскага аб’яднання Яўген Белавусаў.
Яўген Белавусаў: «Усё вырашаецца, і кожную гадзіну — па-рознаму. Таму мы самі ў нейкім такім падвешаным стане і не ведаем пакуль нічога. Рыхтуемся, але не ведаем, да чаго. Нічога канкрэтнага нам не паведамляюць, таму мы не разумеем, што рабіць».
Як стала вядома Еўрарадыё з інфармаваных крыніц, да з’езду «Белая Русь» рыхтуе два пакеты дакументаў. У адным ― усё неабходнае для пераўтварэння грамадскага аб’яднання ў палітычную партыю. Калі дазвол на гэта будзе, то верагодна, удзельнікі з’езду адразу прагаласуюць за Статут і праграму партыі «Белая Русь». Калі дазволу не будзе, то разгледзяць другі пакет дакументаў, звязаны з далейшай дзейнасцю грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і абраннем старшыні арганізацыі.