Барэль пацвердзіў новы пакет санкцый і распавёў аб размове з Макеем

Міністры замежных справаў Еўрасаюза на сённяшнім паседжанні Савета па знешніх справах зацвердзяць чарговы пакет санкцыяў у дачыненні да беларускіх уладаў. Аб гэтым перад пачаткам сустрэчы заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешніх справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. Трансляцыя прэс-падыходу вялася на сайце Еўрарады.

Скрыншот з трансляцыі

Скрыншот з трансляцыі

Ён расказаў, што напярэдадні правёў тэлефонныя размовы з кіраўнікамі МЗС Польшчы, Літвы і Беларусі, а таксама генсекам ААН.
«Я сказаў беларускаму міністру, што сітуацыя цалкам непрымальная і гуманітарная дапамога павінная быць аказаная, і мы павінны падумаць, як мы можам вырашыць праблему, пачынаючы з таго, каб спыніць паток, спыніць палёты. Гэта ўжо амаль зроблена. На працягу апошніх дзён мы вялі перамовы з краінамі паходжання транзіту», — распавёў Барэль аб размове з Уладзімірам Макеем.
У паведамленні беларускага МЗС гаварылася, што Макей пацвердзіў "прынцыповую гатоўнасць да раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу з Еўрасаюзам", а таксама была "падкрэслена бесперспектыўнасць санкцый і контрпрадуктыўнасць санкцыйных падыходаў для развіцця адносін па лініі Беларусь-ЕС".
Барэль дадаў, што ў выніку гэтых перамоваў удалося ўзяць патокі пад кантроль, але цяпер патрабуецца прадаставіць мігрантам гуманітарную дапамогу і прадухіліць любыя варыянты гібрыднай атакі супраць межаў ЕС.
«Сёння мы зацвердзім новы пакет санкцыяў супраць беларусаў, адказных за тое, што адбываецца ў краіне. Мы пашырым падыходы для таго, каб увесці санкцыі ў дачыненні да людзей, авіякампаній, турагенцтваў, якія ўцягнутыя ў гэтае незаконнае падштурхванне мігрантаў да нашых межаў», — сказаў Барэль.
reform.by