Еўрасаюз пашырыў юрыдычныя рамкі прымянення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі
Міністры замежных спраў краін Еўрасаюза ў панядзелак, 15 лістапада, пашырылі юрыдычныя рамкі санкцый супраць уладаў Беларусі, адказных за міграцыйны крызіс, паведамляе Свабода.
Рада Еўрасаюза сёння ўнесла папраўкі ў свой рэжым санкцый з улікам сітуацыі на мяжы ЕС з Беларуссю, каб мець магчымасць рэагаваць на інструменталізацыю людзей, якая ажыццяўляецца беларускім рэжымам у палітычных мэтах.
У рэжым санкцый былі ўнесеныя папраўкі на падставе рашэння Рады і пастановы Рады ЕС, якія пашыраюць крытэрыі, на якіх могуць грунтавацца канкрэтныя вызначальныя рашэнні аб накладанні санкцый.
Цяпер ЕС зможа пераследаваць фізічных і юрыдычных асобаў, якія арганізуюць або садзейнічаюць дзейнасці рэжыму Лукашэнкі, што спрыяе незаконнаму перасячэнню вонкавых межаў ЕС.
«Сённяшняе рашэнне адлюстроўвае рашучасць Еўрапейскага Саюза супрацьстаяць інструменталізацыі мігрантаў у палітычных мэтах. Мы спыняем гэтую бесчалавечную і незаконную практыку. У той жа час мы працягваем падкрэсліваць непрымальныя рэпрэсіі рэжыму супраць уласнага насельніцтва ў сябе дома, якія працягваюцца, і мы будзем рэагаваць адпаведным чынам», — заявіў у сувязі з прынятым сёння Радай ЕС рашэннем Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі.
Мяркуецца, што санкцыі будуць распаўсюджаныя на авіякампаніі і турагенцтвы, якія, як лічаць у Еўрасаюзе, маюць дачыненне да перапраўкі мігрантаў да мяжы Беларусі з ЕС.
Імаверна, пад персанальныя санкцыі трапяць каля 30 беларускіх чыноўнікаў, датычных да крытычнай сітуацыі з мігрантамі на мяжы.
Гэта будзе пяты пакет санкцыяў Еўрасаюза, папярэднія ўводзіліся ў кастрычніку, лістападзе і снежні 2020 году, а таксама ў чэрвені 2021.