«Патрэбна зліквідаваць дыктатуру». Ціханоўская пракаментавала ўвядзенне чарговых санкцый

«Санкцыі, якія ўвёў сёння Еўрасаюз — пакаранне за міграцыйны крызіс, і ў бліжэйшы час разглядаецца іх тэрміновае пашырэнне. Да санкцыяў плануюць далучыцца Вялікабрытанія, Канада, ЗША і, магчыма, Украіна. Вельмі важна, што міжнародная супольнасць гаворыць адным голасам», — перакананая Святлана Ціханоўская.

cihanouskaja_3.jpg

Санкцыі, якія ўводзіць Еўрасаюз, — добры напамінак усім, хто саўдзельнічае ў злачынствах, што беспакаранасці не будзе. Рэжым павінен плаціць за свае злачынствы, таму санкцыі, каб быць эфектыўнымі, павінны біць па тых, хто ўтрымлівае сістэму. Наша задача, каб санкцыі былі моцныя, але нядоўгія. Калі будуць вызваленыя палітвязні і праведзеныя свабодныя выбары, санкцыі будуць знятыя.
Няпраўда, што санкцыі не працуюць. Калі Еўрасаюз загаврыў пра санкцыі супраць кампаніяў, якія лятаюць у Мінск, за дзень шэраг авіякампаніяў, у тым ліку Белавія, памянялі сваю палітыку і перасталі браць на свой борт нелегальных мігрантаў. Гэтаксама павінна быць з палітвязнямі. Тыя, хто гандлююць ці супрацоўнічаюць з рэжымам, павінны быць гатовыя трапіць пад санкцыі.
У Еўропе ёсць разуменне, што крызіс не вырашыцца сыходам мігрантаў, ці нават вызваленнем палітвязняў. Патрэбна зліквідаваць дыктатуру. Рэжым, які захапіў уладу ў Мінску, больш не кантралюе сітуацыю ў краіне, і стаў пагрозай для рэгіянальнай бяспекі.
Мяне засмучае, што Лукашэнка ператварае Беларусь у краіну-ізгоя. Кожны дзень знаходжання гэтага чалавека пры ўладзе дорага нам каштуе, дорага каштуе беларусам. А многія плацяць за яго здароўем і жыццём.
Пяты санкцыйны пакет супраць беларускага рэжыму яшчэ не апублікаваны, таксама не названа дакладная дата ўвядзення яго ў дзеянне.
Паводле прэс-службы Святланы Ціханоўскай