ЕС разарве лізінгавыя кантракты з «Белавія» — справа можа дайсці да суда
Санкцыі ЕС супраць Беларусі будуць уключаць разрыў лізінгавых кантрактаў з «Белавія», паведамляе «Reuters» са спасылкай на кіраўніка МЗС Ірландыі Саймана Ковені.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
«Кантракты Еўрасаюза па лізінгу самалётаў з дзяржаўнай беларускай авіякампаніяй "Белавія" скончацца, як толькі ЕС завершыць новы раўнд санкцый супраць Беларусі», — заявіў Ковені ў панядзелак.
Паводле слоў кіраўніка МЗС Ірландыі, гэтыя самалёты Беларусі давядзецца альбо вярнуць, «альбо, як я мяркую, будзе распачатая судовая справа».
Ковені ўдакладніў, што з 30 самалётаў у парку «Белавія» 17 узятыя ў лізінг у авіябудаўнічых кампаній Ірландыі.
Сёння Еўрасаюз узгадніў пяты пакет санкцый супраць Беларусі, які будзе ўведзены ў дзеянне ў найбліжэйшыя дні. Ён закране як прыватных асоб, так і кампаніі.
Паводле «Еўрарадыё».