Беларусь не выключае размяшчэння расійскай вайсковай базы на сваёй тэрыторыі
Мінск пакуль не плануе прымаць новыя замежныя базы, але можа перагледзець рашэнне, паведамляе «Радыё Свабода».
Беларусь не плануе дазволіць Расіі размясціць яе войскі на тэрыторыі краіны, аднак можа перагледзець сваю пазіцыю, калі, напрыклад, у Польшчы будзе пастаянна прысутнічаць амерыканскі кантынгент, заявіў беларускі міністар замежных справаў Уладзімір Макей.
Падчас візіту ў Брусэль, які меў за мэту развіццё супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, Макей сказаў журналістам, што Мінск хоча знізіць напружанасць у рэгіёне і падтрымліваць добрыя дачыненні як з Захадам, так і з Масквой.
Адказваючы на пытанне аб тым, ці можа прапанова Польшчы аб размяшчэнні амерыканскай базы прымусіць Беларусь перагледзець сваё рашэнне аб расейскай вайсковай прысутнасці, Макей сказаў: «Я думаю, будзе нейкая рэакцыя на гэты намер размясціць новую вайсковую авіябазу».
«На гэты момант мы не плануем размяшчаць на тэрыторыі Беларусі новыя замежныя ваенныя базы, — працягнуў міністр. — Але, гледзячы ў будучыню, трэба ўлічваць крокі, якія будуць рабіць нашы суседзі».