Bloomberg паведаміў пра магчымасць уцёкаў набліжаных Лукашэнкі ў Расію
Штаб Ціханоўскай пачаў фарміраванне каардынацыйнай рады па трансферы ўлады, паведамляе www.dw.com
Набліжаныя кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі звязваліся са сваімі кантактамі ў Крамлі і абмяркоўвалі з імі магчымасць уцёкаў у Расію ў тым выпадку, калі яны будуць зрынутыя. Пра гэта ў суботу, 15 жніўня, паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на дзве крыніцы ў Маскве, знаёмыя з адпаведнымі перамовамі.
Пры гэтым агенцтва лічыць саступкай Крамлю з боку Мінска выдачу Маскве 32 расіян, якіх раней беларускія ўлады называлі ўдзельнікамі прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) Вагнера і падазравалі ў намеры арганізаваць масавыя беспарадкі ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў.
У той жа дзень Лукашэнка правёў тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным. Суразмоўцы выказалі ўпэўненасць, што канфлікт, які наспеў у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, у хуткім часе будзе ўрэгуляваны, паведаміла прэс-служба Крамля. Акрамя таго, яны "пацвердзілі настрой на ўмацаванне саюзніцкіх адносін".
Штаб Ціханоўскай пачаў фарміраванне рады па трансферы ўлады
Між тым, штаб Святланы Ціханоўскай пачаў фарміраванне каардынацыйнай рады для трансферу улады. "Гэта пашыраная рабочая група найбольш паважаных прадстаўнікоў грамадства, якая павінна абмеркаваць і выпрацаваць бяспечныя і стабільныя механізмы для забеспячэння трансферу ўлады", — заявіла прэс-служба Ціханоўскай.