Ціханоўская выступіць на слуханнях у камітэце міжнародных адносін Сената ЗША

Святлана Ціханоўская 9 чэрвеня выступіць на слуханнях у камітэце міжнародных адносін Сената ЗША, паведамляе «Радыё Свабода».

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Адпаведны анонс размешчаны на сайце Камітэта.
Як паведамляе БелаПАН, слуханні, якія пачнуцца ў 17.00 паводле мінскага часу, будуць праходзіць у онлайн-фармаце.
Акрамя Ціханоўскай спікерамі заяўленыя амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр і прэзідэнт «Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа» Джэймі Флай.
Як паведамлялася, 1 чэрвеня Ціханоўская сустрэлася ў Вільні з амерыканскімі сенатарамі Джын Шагін, Крысам Мэрфі і Робам Портманам. Яны запрасілі яе ў чэрвені выступіць у Камітэце замежных спраў Сената.
Падчас сустрэчы Ціханоўская падзякавала сенатарам за прыняцце «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі», які прадугледжвае падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці. Яна абмеркавала з сенатарамі атакі на Hrodna.life, Tut.by, «Белсат» і ўсіх незалежных журналістаў. Ціханоўская прапанавала падтрымаць беларускую службу «Радыё Свабода» і стварыць беларускую рэдакцыю «Голаса Амерыкі».
Сенатар Джын Шагін падкрэсліла, што ў пытанні Беларусі Рэспубліканская і Дэмакратычная партыі ЗША маюць агульную пазіцыю і будуць падтрымліваць беларусаў. Роб Портман адзначыў, што час заяў мінуў і надышоў час рашучых дзеянняў, таму ЗША гатовыя да сектаральных санкцый, каб спыніць беззаконне і самавольства рэжыму. Ціханоўская сказала, што «цяпер Лукашэнка — пагроза не толькі беларускай, але і міжнароднай бяспецы», і заклікала даць выразны сігнал Расіі, што «любыя дамовы, падпісаныя з нелегітымным рэжымам, будуць перагледжаныя або адмененыя».
На сустрэчы таксама абмяркоўваўся магчымы ўдзел Ціханоўскай у саміце «Вялікай сямёркі». Ціханоўская адзначыла важнасць сустрэчы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным і прапанавала падрыхтаваць пазіцыю ад беларускіх дэмакратычных сіл да гэтай сустрэчы.
Сустрэча Байдэна і Пуціна адбудзецца пасля саміта «Вялікай сямёркі» (11–13 чэрвеня, Карбіс-Бэй, паўвыспа Карнуол, Вялікабрытанія), куды гатовая прыехаць і расказаць пра сітуацыі Ціханоўская. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон падтрымаў яе ініцыятыву.
Прэс-сакратарка Белага дома Джэн Псакі на прэс-канфэрэнцыі 25 траўня паведаміла, што на сустрэчы з Пуціным у Жэнэве прэзідэнт ЗША мае намер узняць пытанне Беларусі і выказаць сур’ёзную заклапочанасць амерыканскага боку.