Экс-кіраўнік АП Сініцын: галасаваў за Ціханоўскую. Толькі яна гаварыла, што нам патрэбныя сумленныя выбары
Былы кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі, а цяпер бізнесмен Леанід Сініцын расказаў «Народнай Волі» пра свае сённяшнія перакананні і погляды на падзеі ў краіне.
— Леанід Георгіевіч, як у вас справы? Чым вы зараз займаецеся?
— Справы нармальна. Займаюся бізнесам і некаторымі
культуралагічнымі праектамі.
— Гадоў пяць таму, калі мы з вамі гутарылі, вы гаварылі, што ў
сферы вашых інтарэсаў — касмічныя праграмы, спадарожнікі, біржы…
— Ужо змяніў кірунак: касмічныя праекты Марс накрыў медным
тазам! (Смяецца.) Цяпер у сферы маіх інтарэсаў нерухомасць, міжнародны гандаль
і іншае.
— Як рэагуеце на тое, што зараз адбываецца ў краіне? Вы
наогул сёння на чыім баку?
— На чыім баку? Ну, ясная справа — з народам!
— Сёння ўсе жывуць у стане напружання, якое не праходзіць. Паводле вашых прагнозаў, чым усё скончыцца?
— Напэўна, так, як раней, ужо не будзе. Гэта быў унікальны
перыяд — 25 гадоў, калі Беларусь сапраўды сфармавалася як дзяржава (не да
канца, але ўсё ж). І такое наўрад ці паўторыцца.
Калісьці многія інвеставалі ў параходы, але пры гэтым ужо
былі дызелі. Так і цяпер — трэба ўкладвацца ў будучыню, у тое, што дае
перспектыву. А старое — яно ўжо аджывае, сыходзіць. Можа, яшчэ і не заўважае, што
канец блізкі, што час скончыўся, думае, што яшчэ жыве і выдатна…
Беларускае грамадства — не тое каб спелае, але ўдумлівае.
Думаю, і ўлада, і апазіцыя, і народ у рэшце рэшт знойдуць агульную мову. Усё
будзе добра! Але такога дастатку, як раней, пакуль не будзе. Пра гэта на нейкі
час можна забыцца. Хоць імкнуцца трэба!
— Хочаце сказаць, што нас чакаюць не вельмі простыя часы?
— Так. У свеце ўсё таксама няпроста з эканомікай, агульны
трэнд ідзе да паніжэння. А цяпер зачыненыя межы, санкцыі — ну якое можа быць
развіццё?
— Прэзідэнцкія выбары, з вашага пункту гледжання, трэба
праводзіць датэрмінова, у межах змен у Канстытуцыі?
— Лукашэнка сам сказаў, што перасядзеў, пара сыходзіць.
Сказаў — рабі. Толькі патрэбныя сумленныя выбары.
— Вы ўпэўненыя, што гэта магчыма? Выбарчы кодэкс не мянялі,
Цэнтрвыбаркам па-ранейшаму ўзначальвае Лідзія Ярмошына…
— Думаю, калі справа падыдзе да гэтага этапу, і
Цэнтрвыбаркам будзе іншы. Але праводзіць выбары трэба толькі па-сумленнаму!
Неабходна, каб і партыі былі ў выбарчых камісіях прадстаўлены. Хоць партыі ў
нас і не моцна актуальныя ў грамадстве, але тым не менш. Трэба, каб незалежныя
назіральнікі былі і міжнародныя таксама. І ўсё супакоіцца.
Але Цэнтрвыбаркам трэба цалкам замяніць. Апошнія выбары,
якія Ярмошына праводзіла, былі правальныя.
— Калі не сакрэт, за каго вы галасавалі на мінулых
прэзідэнцкіх выбарах?
— За Ціханоўскую. Яна шмат гаварыла пра тое, што нам патрэбныя
сумленныя выбары. Больш ніхто з кандыдатаў на гэтай ідэі акцэнт не рабіў, а
гэтыя тры дзяўчынкі ўвесь час гаварылі пра тое, што выбары павінны быць
сумленнымі.