Лукашэнка падпісаў «антыэкстрэмісцкія» змены ў Крымінальны кодэкс

Закон «Аб змяненні кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці» 8 чэрвеня апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Большая частка змен набудзе моц праз дзесяць дзён.

uk_8_06.jpg

У прыватнасці, уводзіцца крымінальная адказнасць:

— за наўмысную перадачу інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестак іншай асобы без яе згоды;

— у дачыненні да ўладальніка інтэрнэт-рэсурса, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, за распаўсюд забароненай інфармацыі цягам году пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне;

— за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

— за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў асобай, якая цягам году пасля накладання двух адміністрацыйных спагнанняў зноў парушыла закон;

— за невыкананне рашэння аб прызнанні арганізацыі экстрэмісцкай і аб прыпыненні яе дзейнасці;

— за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання, паўторна цягам году пасля накладання адміністрацыйнага спагнання;

— за падатковае махлярства.

Узмацняецца крымінальная адказнасць:

— за паклёп, заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы;

— за наўмыснае несанкцыянаванае капіраванне, перахоп кампутарнай інфармацыі або іншае неправамернае завалоданне звесткамі;

— супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку;

— за гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў ці яго блізкіх з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці;

— за гвалт, знішчэнне і пашкоджанне маёмасці ў дачыненні да службовай асобы і яе блізкіх — супрацоўніка праваахоўных органаў, суддзі, народнага засядацеля;

— за дэманстрацыю нацысцкай сімволікі;

— за рэабілітацыю нацызму.

Пад крымінальны пераслед таксама можна трапіць за шэраг іншых правапарушэнняў:

— за абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў;

— за публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення сходу, мітынга, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання альбо ўцягванне ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах, калі іх правядзенне пацягнула за сабой праз неасцярожнасць гібель людзей;

— за прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання асобе або прычыненне шкоды ў буйным памеры;

— за здзек з дзяржаўных сімвалаў;

— за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь;

— за наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый;

— за ўхіленне ад выплаты падаткаў, збораў, што пацягнула за сабой шкоду ў буйным памеры.

Паводле «Свабоды».