Эплбаўм: Калі мы хочам міру, Расія павінна прайграць
Амерыканская журналістка, экспертка па Усходняй Еўропе Эн Эплбаўм раскрытыкавала заходніх палітыкаў за іх нежаданне бачыць сапраўдны твар сённяшняй Расіі і за паўтарэнне ўрокаў мінуўшчыны.
Публіцыстка, пісьменніца, гісторык Эн Эплбаўм даследавала гісторыю камунізму і савецкіх рэпрэсій і трансфармацыю палітычных рэжымаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, цяпер у сферы яе навуковых інтарэсаў – дэзінфармацыя і прапаганда ў XXI стагоддзі. Учора ў Франкфурце ёй уручылі Прэмію міру нямецкіх кнігагандляроў — ёю ўзнагароджваюцца людзі, якія зрабілі ўнёсак ва ўвасабленне ідэі міру ў жыццё з дапамогай літаратуры, навукі або мастацтва.
Абгрунтоўваючы свой выбар, журы прэміі адзначыла, што праца Эн Эплбаўм «з'яўляецца надзвычай важным унёскам у захаванне дэмакратыі і міру ў эпоху, калі дэмакратычныя дасягненні і каштоўнасці ўсё часцей адлюстроўваюцца ў карыкатурным выглядзе і падвяргаюцца нападкам». Яна правяла глыбокі аналіз камуністычных і посткамуністычных сістэм Савецкага Саюза і Расіі, раскрыла механізмы аўтарытарнага захопу і ўтрымання ўлады і зрабіла іх адчувальнымі дзякуючы сведчанням відавочцаў. «Даследуючы ўзаемадзеянне эканомікі і дэмакратыі, а таксама ўплыў дэзінфармацыі і прапаганды на дэмакратычныя грамадства, Эплбаўм паказвае, наколькі яны крохкія — асабліва калі поспехі аўтакратаў на выбарах падрываюць дэмакратыі знутры», піша «Deutsche Welle».
Параза ў вайне — гарантыя міру?
Прымаючы гэтую ўзнагароду, Эплбаўм звярнулася да палітыкаў — у першую чаргу, еўрапейскіх:
«Калі ёсць хоць бы невялікі шанец, што ваенная параза дапаможа пакласці канец гэтаму жудаснаму культу гвалту ў Расіі, як калісьці ваенная параза паклала канец культу гвалту ў Германіі, мы павінны ёю скарыстацца», — сказала Эплбаўм.
Сёння, калі я тут прымаю прэмію міру. Мне здаецца, гэта зручны момант, каб паказаць на тое, што "я хачу міру" не заўсёды з'яўляецца маральным аргументам, – працягнула пісьменніца. — Гэта таксама зручны момант, каб сказаць, што ўрок германскай гісторыі заключаецца не ў тым, што германцы павінны быць пацыфістамі. Наадварот, мы ўжо амаль стагоддзе ведаем, што патрабаванне пацыфізму перад тварам агрэсіўнай, надыходзячай дыктатуры можа азначаць проста супакойванне і згоду з ёй».
Яна сцвярджае, што «сапраўдны ўрок» германскай гісторыі павінен заключацца ў тым, што германцы «нясуць асаблівую адказнасць за адстойванне свабоды і бяруць на сябе рызыку дзеля гэтага», піша «Голас Амерыкі».
Гісторык падкрэсліла, што ваеннае стрымліванне і нарошчванне ваеннай моцы з'яўляюцца галоўнай умовай, неабходнай для абароны ліберальных дэмакратый ад аўтарытарных сістэм. «Калі Еўропа хоча ў будучыні застацца бастыёнам дэмакратыі, еўрапейскія дзяржавы і ЕС павінны быць гатовыя пастаяць за сябе без падтрымкі ЗША. Гэта ўключае і здольнасць абараніць сябе ваенным шляхам», — адзначыла Эплбаўм на прэс-канферэнцыі пасля ўручэння прэміі. Эплбаўм упэўненая, што істотнае ваеннае стрымліванне магло б прадухіліць поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. Паводле яе, Захад занадта доўга ігнараваў стратэгічныя і палітычныя мэты Расіі і наіўна спадзяваўся на эканамічныя адносіны.
Яна таксама раскрытыкавала палітыку ранейшага федэральнага ўрада Германіі пад кіраўніцтвам Ангелы Меркель у дачыненні да газаправода «Паўночны паток — 2».
«Кіраўніцтва ФРГ дазволіла працягваць пракладку газаправода нават пасля анэксіі Крыма Расіяй у 2014 годзе, што Крэмль расцаніў як сігнал: "Захад шмат гаворыць пра дэмакратыю і вяршэнства закону, але мы ўсё роўна можам уварвацца ва Украіну". Не ўсвядоміць у той час, якой дзяржавай з'яўляецца Расія, было абсалютна недаравальнай памылкай», — падкрэсліла Эплбаўм.
Дэмакратыя, аўтакратыя і эпоха перамен
У той жа час лаўрэатка Прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў упэўненая, што дэмакратыя па-ранейшаму з'яўляецца больш стабільнай формай дзяржаўнага кіравання, нягледзячы на ўмацаванне аўтарытарных сістэм у Іране, Расіі ці Кітаі. «Не факт, што дэмакратычная эра павінна падысці да канца. І я таксама магу ўявіць сабе іншы курс для Расіі ў нейкі момант», — адзначыла яна на Франкфурцкім кніжным кірмашы. Аднак, як падкрэслівае журналістка і гісторык, дэмакратычныя дзяржавы Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі больш не павінны недаацэньваць узмацненне і аб'яднанне аўтарытарных рэжымаў. Яна заклікала да пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва ў барацьбе з адмываннем грошай, карупцыяй, а таксама кампаніямі нянавісці і дэзінфармацыі ў Інтэрнэце.
Зусім нядаўна выйшла новая кніга Эн Эплбаум «Autocracy, Inc», якая раказвае пра тое, як аўтакратыі супрацоўнічаюць адна з адной, каб разбурыць свет дэмакратыі. Размаўляючы пра яе і пра «вось аўтакратый», пра якую вядзецца гаворка з даследаванні, аўтарка адзначае:
«Адна рэч, якая па-сапраўднаму іх аб'ядноўвае, — гэта агульны вораг. І гэты агульны вораг — мы. Калі я кажу "мы", я маю на ўвазе тых, хто жыве ў дэмакратычным свеце, тых, хто выкарыстоўвае мову дэмакратыі, мову, пра якую мы толькі што гаварылі. Правы чалавека, празрыстасць, падсправаздачнасць, вяршэнства закону, справядлівасць — уся гэтая мова для іх небяспечная.
І, вядома, небяспечней за ўсё для іх, калі гэта зыходзіць ад іх уласных апазіцыйных рухаў, іх уласных унутраных крытыкаў, іх уласных дысідэнтаў. Чаму Пуцін так спалохаўся пратэстаў 2011 года ў расійскіх гарадах? Таму што пратэстоўцы выкарыстоўвалі гэтую мову, якую ён лічыць найбольш небяспечнай для яго формы клептакратычнай дыктатуры. Чаму ён быў так паранаідальна настроены ў дачыненні да ўкраінскай рэвалюцыі 2014 года? З той жа самай прычыны. Таму што гэта былі маладыя людзі, якія размахваюць сцягамі ЕС і якія гавораць пра вяршэнства закону і барацьбу з карупцыяй. І гэта, зноў жа, тая мова, якая ўяўляе пагрозу яго формы ўлады. Чаму Кітаю так не спадабаўся рух за дэмакратыю ў Ганконгу? Першапачаткова, калі Ганконг уз'яднаўся з Кітаем, была ідэя, што гэта будзе працаваць як "адна дзяржава, дзве сістэмы", што Ганконг зможа мець іншую палітычную сістэму, чым у Кітаі. Але ўрэшце ў Кітаі адчулі пагрозу, што прывабнасць ганконгскай сістэмы можа нейкім чынам зрабіць яе прывабнай для іншых кітайцаў. Таму яны прызначылі дэмакратычную мову і такія групы сваім галоўным ворагам», — сказала яна ў інтэрв'ю «Настоящему времени».
Пуцін — да прэзідэнцтва і пасля яго
«Я з самага пачатку з падазрэннем ставілася да Пуціна — з некалькіх прычын. Па-першае, таму што ён першапачаткова гаварыў пра сябе як пра чэкіста. Яшчэ ён прасоўваў гэты міні-культ Юрыя Андропава, вешаючы яго партрэты ў офісах ФСБ і расстаўляючы там яго статуі. І тады я падумала, што гэта вельмі дрэнны знак, таму што Андропаў, апроч іншага, быў вядомы сваёй вельмі жорсткай рэпрэсіўнай палітыкай у дачыненні да іншадумства ў Савецкім Саюзе. Нават самыя маленькія групы дысідэнтаў былі рэпрэсаваныя. Ён арыштоўваў іх і спрабаваў іх знішчыць. Гэта таксама быў дрэнны знак.
Справядліва будзе сцвярджаць, што за гэты час ён змяніўся або, прынамсі, яго тактыка змянілася. Я думаю, калі ён першапачаткова стаў лідарам Расіі, ён сапраўды імкнуўся да адносінаў з Захадам. Ён хацеў быць часткай заходніх клубаў. Яму вельмі падабалася быць часткай G7, ён правёў адну з сустрэч G7 у Санкт-Пецярбургу. І я думаю, яго першапачатковая ідэя для Расіі была свайго кшталту "кіраванай дэмакратыяй", з некаторымі элементамі дэмакратыі і нават некаторымі элементамі свабоды слова. Але з кантраляванымі выбарамі, дзе ён будзе вырашаць, хто будзе асноўнымі кандыдатамі. А любы чалавек, які ўяўляе рэальную апазіцыю ці можа кінуць рэальны выклік рэжыму, будзе нейкім чынам ліквідаваны або арыштаваны. Аляксей Навальны — самы яскравы таму прыклад.
І ў Расіі быў адносна доўгі перыяд, калі можна было гаварыць усё што заўгодна, пакуль вас чула не так шмат людзей. І публікаваць усё што хочацца, пакуль гэта не чытала занадта шмат людзей. Існавала пэўная культурная свабода, людзі маглі пісаць карціны, або выступаць, або выказваць сябе так, як яны хацелі. Я думаю, што Пуціну хацелася, каб гэтая сістэма трымалася і працавала, але яна павалілася. Бо расійская эканоміка была глыбока карумпаваная і, па сутнасці, арганізаваная для таго, каб зрабіць вельмі нямногіх людзей вельмі багатымі. Яна пачала даваць збоі, калі цэны на нафту ўпалі, і Пуцін больш не змог падтрымліваць той узровень жыцця, які ён абяцаў, і ўжо сапраўды не мог забяспечыць абяцанае ім падвышэнне.
У той жа час, гэтыя імпульсы да справядлівасці, свабоды і правоў пачалі гучней заяўляць пра сябе, і некаторыя людзі сталі кідаць яму выклік. Асабліва заўважна гэта стала, калі ён вярнуўся ў офіс пасля таго, як ужо прабыў два тэрміны на пасадзе прэзідэнта, відавочна парушаючы Канстытуцыю. Людзі зразумелі, што гэта парушае закон, што гэта крок у зусім іншым кірунку. Затым адбылася серыя пратэстаў, і я думаю, тады ён пачаў адмаўляцца ад гэтай ідэі кіраванай дэмакратыі і пайшоў да сапраўднай дыктатуры. А пасля падзей ва Украіне, збольшага спалохаўшыся падобнага паўстання ў Расіі, ён пачаў рэпрэсіі, якія прывялі нас туды, дзе мы знаходзімся сёння.
Што менавіта адбывалася ў яго галаве, я паняцця не маю. Некаторыя людзі кажуць, што ён правёў у адзіноце вялікую частку пандэміі і выдаткаваў шмат часу на чытанне вар'яцкіх гістарычных кніг, робячы з іх дзіўныя высновы. Мы не ведаем гэтага дакладна, у гэтым выпадку я проста паўтараю чуткі. Усё, што я магу сказаць,— што, верагодна, ён быў адным і тым жа чалавекам ўвесь гэты час, у яго былі тыя ж перакананні ўвесь гэты час. Падазраю, што ў яго было тое ж абурэнне адносна распаду Савецкага Саюза і тое ж жаданне аднавіць Расію як нейкага гульца на сусветнай арэне, хай нават вельмі негатыўнага гульца, нават як краіну, якая прапагандуе гвалт і разбурэнне. І ён проста змяніў тактыку, якую выкарыстаў, каб падштурхнуць Расію ў гэтым кірунку».