971-шы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: маштабныя ўдары па Кіеве, Харкаве, Запарожжы

Расія працягвае весці захопніцкую вайну супраць Украіны. За мінулыя суткі ў выніку абстрэлаў мірных украінскіх тэрыторый у некаторых гарадах і мястэчках былі ахвяры, у тым ліку — дзеці.

4273d4f_zsu1300_690x387.jpg

***

Украінскія сілы нядаўна прасунуліся на поўнач ад Суджы на фоне баёў на галоўным участку фронту ў Курскай вобласці, паведамляюць эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 20 кастрычніка, паказваюць на тое, што ўкраінскія сілы нядаўна прасунуліся на ўсход ад Чаркаскага Папярочнага (на поўнач ад Суджы).

Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што сілы агрэсара атакавалі на поўнач ад Суджы ў раёне Малой Локны і на паўднёвы ўсход ад Суджы ў раёне Плехава, а ўкраінскія сілы атакавалі на паўднёвы ўсход ад Каранёвага ў раёне Кругленькага і Леанідава.

Звязаны з Крамлём расійскі ваенны блогер заявіў, што інфармацыя пра захоп расійскімі войскамі Плехава не пацверджаная.

***

Байцы Нацыянальнай гвардыі адбілі 17 спроб штурмаў расійцаў за суткі на Пакроўскім кірунку, паведамляе прэс-служба НГУ.

«Толькі на гэтым участку фронту за папярэднія суткі ў раёне адказнасці вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі Украіны нейтралізавалі 273 акупантаў: 125 беззваротныя, 148 — санітарныя страты ворага».

Адзначаецца, што праціўнік спрабуе актыўна штурмаваць, у прыватнасці, у раёне населенага пункта Сялідава Данецкай вобласці, ужываючы вялікую колькасць пяхоты.

Таксама вораг перыядычна праводзіць механізаваныя штурмы з прыцягненнем 3-5 адзінак бронетэхнікі.

Спікер Нацыянальнай гвардыі Руслан Музычук паведамляў, што расійскія акупанты спрабуюць спалучаць штурмавыя дзеянні ў кірунку ваколіц Сялідава Данецкай вобласці з ахопам горада з флангаў: праціўнік звяртаецца да артылерыйскіх абстрэлаў і авіяцыйных удараў з выкарыстаннем КАБаў.

***

У нядзелю на фронце адбылося 167 баявых сутыкненняў, у тым ліку на Курахоўскім кірунку – 53, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.

Праціўнік нанёс адзін ракетны ўдар, 54 авіяцыйныя ўдары з прымяненнем 99 КАБаў, больш за 560 удараў дронамі-камікадзэ і здзейсніў больш за 3 тысячы абстрэлаў пазіцый украінскіх войскаў і населеных пунктаў з выкарыстаннем розных тыпаў узбраення.

Як паведамляе ТГ-канал «Deep State», вораг акупаваў сяло Жаланнае 2-е ў Пакроўскім раёне Данецкай вобласці.

Таксама расійскія вайскоўцы прасунуліся ў Вішнёвым Ізюмскага раёна Харкаўскай вобласці, Гарняк у Данецкай вобласці, ля Альгоўкі і Любімаўкі ў Курскай вобласці.

Таксама ў ноч на 21 кастрычніка расійскія акупанты атакавалі Украіну рознымі тыпамі ракет і дронамі, з якіх 59 былі збітыя сіламі СПА, яшчэ каля 10 БпЛА знаходзяцца ў паветры  па іх вядзецца баявая праца.

За суткі расійскія акупанты страцілі 1710 чалавек, 64 баявыя браняваныя машыны і сістэму супрацьпаветранай абароны. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 21.10.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага складу — каля 680 230 (+1710) чалавек;
  • танкаў — 9 071 (+24) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 18 175 (+64) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 19 589 (+24) адз.;
  • РСЗА — 1232 (+0) адз.;
  • сродкі СПА — 979 (+1) адз.;
  • самалётаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 329 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 17 333 (+46);
  • крылатыя ракеты — 2 624 (+0);
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 27 034 (+47) адз.;
  • спецыяльна1 тэхнікі — 3 479 (+3).

Акрамя таго, Сілы абароны Украіны знішчылі расійскі зенітны ракетны комплекс «Бук-М3», які знаходзіўся за 60 кіламетраў ад лініі баявога судакранання. Яго кошт дасягае ад 40 да 50 млн. долараў.

«У ноч на 21 кастрычніка падраздзяленні сіл беспілотных сістэм Узброеных сіл Украіны ва ўзаемадзеянні з іншымі складнікамі Сіл абароны, у рамках выканання задач па выяўленні і знішчэнні сродкаў супрацьпаветранай абароны праціўніка паразілі зенітны ракетны комплекс "Бук-М3"», — гавораць у Генштабе УСУ.

Адзначаецца, што комплекс знаходзіўся прыкладна ў 60 кіламетрах ад лініі баявога судакранання. 

***

У выніку атакі на Крывы Рог балістыкай у нядзелю ўвечары пашкоджаная грамадзянская інфраструктура, трое чалавек пацярпелі, паведаміў старшыня Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак.

«Ёсць пашкоджанні грамадзянскай інфраструктуры. Дэталі ўдакладняем», — напісаў ён.

Пазней стала вядрма, што ў выніку ўдару па Крывым Рогу колькасць пацярпелых у Крывым Рогу ўзрасла да чатырох чалавек. З іх двое шпіталізаваныя ў бальніцу, іх стан сярэдняй цяжкасці, жыццю нічога не пагражае. Таксама раненні атрымала 12-гадовая дзяўчынка, яе стан здавальняючы.

Акрамя таго, «вельмі шмат пашкоджанняў у дамах і аб'ектах бізнэсу». Пашкоджаны гатэль, 5 шматпавярховак, аб'ект культуры, банк, 2 крамы і 14 аўтамабіляў.

Лысак паведаміў, што Нікапальшчыну ноччу агрэсар абстраляў з цяжкай артылерыі  ударыў па Марганцы, людзі цэлыя. На месцы працуюць усе выратавальныя, медыцынскія і камунальныя службы.

***

У нядзелю ўвечары расійскія войскі нанеслі ўдары па Харкаве, у выніку чаго ўзніклі праблемы з электразабеспячэннем, вядома пра 12 пацярпелых, з іх прынамсі адно дзіця.

Пад ударамі аказаліся тры раёны горада, у некаторых з іх ёсць пэўныя праблемы з электразабеспячэннем. Ёсць узгаранне дома, пашкоджана станцыя тэхабслугоўвання. Таксама ёсць пашкоджанне аўтазаправачнай станцыі.

***

У ноч на 21 кастрычніка расійскія дроны спрабавалі ўдарыць па сталіцы Украіны. Сіламі ўсіх складнікаў Сіл абароны ўсе беспілотнікі (а гэта прыкладна да дзясятка БПЛА) ворага, якія пагражалі Кіеву, былі абясшкоджаныя. Пацярпеў адзін чалавек, паведаміў кіраўнік Кіеўскай МВА Сяргей Папко ў Telegram.

Паветраная трывога ў Кіеве працягвалася больш за 5 гадзін. Расійскія БпЛА заходзілі ў бок сталіцы Украіны з розных кірункаў.

У выніку атакі расійскіх ударных БпЛА па Кіеве зафіксавана падзенне абломкаў у Дняпроўскім, Галасееўскім і Саломенскім раёнах горада.

У Дняпроўскім раёне, папярэдне, пашкоджаны электрычны кабель. Інфармацыі пра пацярпелых не паступала.

У Галасееўскім раёне ў шматкватэрным жылым доме зафіксавана частковае пашкоджанне аздаблення сцен і ёсць выбітыя вокны. Без разбурэнняў і пажараў. Пацярпелых не выяўлена.

У Саломенскім раёне падзенне абломкаў выклікала пажар на даху аднапавярховага жылога дома. Узгаранне лакалізавана. Вядома пра аднаго пацярпелага, медыкі зафіксавалі ў мужчыны апёкі твару. Ад шпіталізацыі пацярпелы адмовіўся.

***

У выніку ўдару па Харкаве ў нядзелю ўвечары кіраванымі авіябомбамі колькасць пацярпелых узрасла да 13 чалавек.

Учора каля 22:00 пад ударамі варожых кіраваных авіябомб аказаліся жылыя кварталы і грамадзянская інфраструктура Харкава, — пішуць у ДСНС Украіны.

Паведамляецца, што выбухамі пашкоджаныя лініі электраперадач, шматкватэрныя дамы, гаражы, АЗС, прыватныя домаўладанні і аўтамабілі.

Таксама ўзніклі два нязначныя ачагі пажараў, якія ратавальнікі аператыўна ліквідавалі.

***

У расійскім сяле Супонева пад Бранскам знайшлі мёртвым з множнымі траўмамі галавы начальніка штаба расійскай авіяцыйнай эскадрыллі, пілота 52-га цяжкага бамбавальнага авіяпалка ВКС РФ, які мае дачыненне да ўдару па ГЦ «Амстор» у Крэменчугу на Палтаўшчыне, у выніку якога загінулі 22 чалавекі, паведамляе ГУР Мінабароны Украіны.

«Раніцай 20 кастрычніка 2024 года ў яблыневым садзе вёскі Супонева пад Бранскам у Расіі знайшлі труп ваеннага злачынца Галянкова Дзмітрыя Уладзіміравіча. Галянкоў — пілот 52-га цяжкага бамбавальнага авіяпалка ў кс рф (в/ч 33310), які базуецца на аэрадроме "Шайкоўка" і мае на ўзбраенні бамбавікі Ту-22М3».

Галянкоў датычны да ракетных удараў па ўкраінскіх грамадзянскіх аб'ектах. У прыватнасці, у момант атакі 27 чэрвеня 2022 года па гандлёвым цэнтры «Амстор» у горадзе Кременчуг Палтаўскай вобласці там знаходзіліся каля 1000 чалавек. У выніку ваеннага злачынства тады загінулі 22 чалавекі, дзясяткі атрымалі раненні.

 Таксама Галянкоў адказны за ракетны ўдар па жылым доме ў Дняпры 14 студзеня 2023 года, калі загінулі 46 мірных украінцаў, сярод іх — 6 дзяцей.

Паводле даных ГУР, цела расійскага ваеннага злачынца выявілі з множнымі траўмамі галавы, нанесенымі, верагодна, малатком.

***

Раніцай, 21 кастрычніка, расійцы здзейснілі ракетны ўдар па цэнтры Запарожжа. З-пад завалаў дасталі цела загінулага мужчыны, 14 пацярпелых, пашкоджана вялікая колькасць грамадзянскай інфраструктуры, у прыватнасці дзіцячы садок, напісаў у сваім ТГ-канале кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў.

«Расія нанесла чарговы ракетны ўдар па цэнтры горада Запарожжа. Пацярпела вялікая колькасць грамадзянскіх аб'ектаў, у тым ліку дзіцячыя садкі, інтэрнаты, аднапавярховыя і шматпавярховыя дамы. Вядома пра 5 пацярпелых, 5 шпіталізаваных у медыцынскія ўстановы.

Часткова разбураны двухпавярховы будынак дзіцячага садка. Выбуховай хваляй і абломкамі пашкоджаныя легкавыя аўтамабілі, якія знаходзіліся побач».

Фёдараў паведаміў, што 49-гадовы мужчына і 48-гадовая жанчына ў цяжкім стане. Яшчэ тры чалавекі ў стане сярэдняй ступені цяжкасці. З-пад завалаў дасталі цела загінулага мужчыны.