Губарэвіч: Еўрасаюз можа падтрымаць рэформы ў Беларусі
Удзельнікі каардынацыйнай групы «ЕС-Беларусь» з Бруселю правялі 5 красавіка сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.
"Кіраўнік аддзела па двухбаковых зносінах з краінамі Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель пацвердзіў, што ЕС займае дастаткова жорсткую пазіцыю па апошніх падзеях у Беларусі, і прадстаўнікі дэлегацыі заяўлялі пра гэта на ўсіх сустрэчах з уладамі", — распавёў Юрый Губарэвіч, які прадстаўляў Рух "За Свабоду".
У сваю чаргу беларускія палітыкі давялі да прадстаўнікоў ЕС сітуацыю па рэпрэсіях, грамадскіх настроях у Беларусі, падкрэслілі мірны характар акцыяў пратэсту апошніх месяцаў.
«За 23 гады праўлення рэжым Лукашэнкі завёў краіну ў тупік, заціснуў яе паміж двух камянёў. З аднаго боку праблемы ў адносінах з Расіяй, якая перастала даваць дармовыя датацыі. Яна патрабуе саступак, якія могуць прывесці да страты нашай незалежнасці і кантролю Лукашэнкі над краінай. А яго турбуе не столькі перспектыва згубы суверэнітэту, колькі менавіта асабістай улады», — сказаў дэлегацыі Губарэвіч.
Ён падкрэсліў, што без эканамічных рэформаў немагчыма вырашыць праблемы ўнутры Беларусі. «Нават калі ўлады паспрабуюць пасадзіць найбольш актыўных удзельнікаў акцый пратэсту, пачаць рэпрэсіі супраць кіраўніцтва апазіцыі і актывістаў, то гэта не пазбавіць ад праблемаў у эканоміцы, і падставы для пратэстаў захаваюцца», — адзначыў старшыня Руху.
«Еўрасаюз можа прапанаваць альтэрнатыўны шлях эканамічных і палітычных рэформаў для Беларусі, можа быць, падтрымаўшы іх фінансава. Але гэтыя змены павінны быць незваротнымі і прывесці да пашырэння прасторы дэмакратыі і ўзмацнення незалежнасці, вяртання рэальнай улады народу», — заключыў Юрый Губарэвіч.
У сустрэчы акрамя старшыні Руху «За Свабоду» з беларускага боку таксама прынялі ўдзел старшыня партыі АГП Лябедзька, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, адзін з кіраўнікоў «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, жонка грамадскага актывіста Змітра Дашкевіча Наста, палітык Уладзімір Някляеў.
Дэлегацыю Еўрапейскага саюза ўзначальваў Томас Маер-Хартынг, выканаўчы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў.
Вольга Быкоўская, pyx.by