Губарэвіч заклікаў да правядзення супольнага мітынгу прыхільнікаў пераменаў
Пра гэта паведамляе прэс-служба Руху «За Свабоду».

Старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч выступіў з ініцыятывай правядзення супольнага мітынгу, на якім беларусы змогуць выказаць нязгоду з дзеяннямі ўладаў пад час выбарчай кампаніі, і заклікаў аб’днацца пад гэтай ідэяй іншых прэтэндэнтаў у прэзідэнты.
«Заклікаю альтэрнатыўных кандыдатаў арганізаваць супольны мітынг, каб прыхільнікі перамен мелі магчымасць выказаць сваю нязгоду з тым бязмежжам, якое ўлады твораць падчас выбарчай кампаніі, і запатрабаваць сумленных выбараў. Я гатовы выступіць адным з заяўнікаў правядзення такога масавага мерапрыемства», — заявіў Губарэвіч.
Па ягоных словах, «дзясяткі тысячаў прыхільнікаў пераменаў у адным месцы, аб'яднаных адной мэтай, — гэта найлепшы адказ на прававое бязмежжа, якое робіць сённяшняя ўлада».