Партыя БНФ заклікала спыніць рэпрэсіі і вызваліць затрыманых падчас выбарчай кампаніі

Партыя БНФ 12 чэрвеня выступіла з заявай з нагоды пераследу ўдзельнікаў выбарчага працэсу: «Свабодныя і сумленныя выбары не могуць адбыцца ў атмасферы рэпрэсіяў і запалохвання». Прыводзім тэкст заявы.

20200526_hro_cihanousky_say_08_logo_1.jpg

Бягучыя палітычныя падзеі ў Беларусі выклікаюць вялікую заклапочанасць і трывогу. Разам з ігнараваннем небяспекаў для беларускага народу, якія нясе правядзенне выбараў падчас пашырэння каронавіруснай інфекцыі, улады ігнаруюць нават мінімальныя нормы права, маралі і прыстойнасці, ужываючы гвалт у дачыненні да апанентаў ад самага старту выбарчай кампаніі.
Ужо некалькі тыдняў мы бачым масавыя адвольныя затрыманні сябраў ініцыятыўных групаў, удзельнікаў пікетаў па зборы подпісаў і нават саміх асобаў, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі. Сотні чалавек, у тым ліку актывістаў БНФ, былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці ўжо на старце выбарчай кампаніі. Дзяржаўныя СМІ, а таксама фінансаваныя з дзяржаўнага бюджэту псеўдаграмадскія арганізацыі займаюцца непрыхаванай агітацыяй за дзеючага кіраўніка дзяржавы, распаўсюджваюць паклёпніцкія і дыскрэдытуючыя публікацыі пра апанэнтаў улады. Гэтыя дзеянні мы расцэнваем як скіраваныя на распальванне нянавісці ды варожасці ў грамадзтве, а таксама на запалохванне выбаршчыкаў і застрашэнне грамадзянскай супольнасці ды ўсіх, хто выступае супраць цяперашняга аўтарытарнага рэжыму.
Аляксандар Лукашэнка не толькі шматкроць зняважліва выказаўся пра іншых удзельнікаў выбарчай кампаніі, але й недвухсэнсоўна заявіў пра дапушчальнасць масавых забойстваў удзельнікаў пратэстаў і гатоўнасць абараняць уласную ўладу фактычна любымі сродкамі. Гэта з'яўляецца не толькі недапушчальным з пункту гледжання Канстытуцыі ды хрысціянскай маралі, але й утрымлівае прыкметы парушэння цэлага шэрагу артыкулаў Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Такім чынам дзеючы кіраўнік краіны адкрыта супрацьпаставіў сябе беларускаму народу.
Супраць апанентаў ўлады выкарыстоўваюцца рэпрэсіі, пры гэтым ўлады не грэбуюць грубымі правакацыямі і злоўжываннем крымінальным заканадаўствам. Удзельнікам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, у тым ліку яе мужу і кіраўніку ініцыятыўнай групы блогеру Сяргею Ціханоўскаму, выстаўленыя абсурдныя абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, хоць шматлікія відэа з цалкам законнага мерапрыемства па зборы подпісаў дазваляюць дэталёва бачыць усю хаду падзеяў і сведчаць пра грубую правакацыю. Адбываецца ціск уладаў на многіх сябраў гэтай ініцыятыўнай групы па ўсёй краіне. Прайшлі ператрусы ў банку, якім раней кіраваў Віктар Бабарыка, што цяпер вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты, а таксама ў арганізацыях зьвязаных з гэтай асобай. Азначаныя крымінальныя справы маюць прыкметы выкарыстання органаў крэмінальнага пераследу дзеля рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў цяперашняга прэзідэнта.
Фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій, якое адбылося з ігнараваннем прадстаўнікоў апазіцыйных партый і рухаў, сведчыць пра стварэнне ўмоваў для працягу практыкі незаконных маніпуляцый падчас падрыхтоўкі галасавання і фальсіцікацыяў пры падвядзенні вынікаў выбараў.
Сойм Партыі БНФ заклікае Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт неадкладна прыняць захады дзеля забеспячэння законнасці падчас правядзення выбарчай кампаніі, вызваліць затрыманых удзельнікаў выбарчай кампаніі ды спыніць іх крымінальны пераслед, а таксама даць належную прававую ацэнку зняважлівых ды пагрозлівых выказванняў Аляксандра Лукашэнкі.
Сойм Партыі БНФ заклікае мясцовыя органы ўлады дзеля забеспячэння сумленных, свабодных ды справядлівых выбараў пры фармаванні ўчастковых выбарчых камісіяў забяспечыць удзел у іх прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў, грамадзкіх аб’яднанняў і прадстаўнікоў усіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.
У цяперашняй сітуацыі Сойм Партыі БНФ пацвярджае сваё папярэдняе рашэнне адносна гэтай выбарчай кампаніі і заяўляе, што парушэнні дзяржаўнымі службоўцамі выбарчага, адміністрацыйнага ды крымінальнага заканадаўства падчас правядзення выбараў, а таксама самое правядзенне кампаніі ва ўмовах пандэміі каронавірусу, з'яўляюцца падвойным злачынствам, за якое ўсім датычным давядзецца панесці адказнасць перад народам Беларусі.
Паводле прэс-рэліза