Канстытуцыйны суд не можа забяспечыць роўнасць ужывання дзвюх дзяржаўных моў

Днямі праваабаронца Валянцін Стэфановіч атрымаў адказ з Канстытуцыйнага суда на свой зварот, у якім прапаноўваў забяспечыць роўнасць ужывання дзвюх дзяржаўных моў ва ўсіх працэсах судавытворчасці.

Канстытуцыйны суд РБ. Фота: kc.gov.by

Канстытуцыйны суд РБ. Фота: kc.gov.by


Праваабаронца падкрэсліваў у звароце, што неабходна замацаваць гарантыі, якія закладзеныя ў законе “Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў” і ў законе “Аб мовах” у частцы абавязку адказу дзяржаўных органаў на мове звароту грамадзянаў, і ў працэсуальных кодэксах таксама. І забяспечыць такім чынам роўнасць дзвюх дзяржаўных моў у працэсе судавытворчасці, чаго зараз няма.

“У сукупнасці адсутнасці заканадаўства на беларускай мове і адсутнасці гарантыяў роўнасці моў у судавытворчасці атрымліваецца, што беларускамоўныя грамадзяне дыскрымінуюцца. Яны не могуць ужываць беларускую мову ў прынцыпе ў стасунках з дзяржаўнымі органамі і ў судовай вытворчасці”, — лічыць Валянцін Стэфановіч.

Канстытуцыйны суд адпісаў, што пытанне аб роўным выкарыстанні беларускай і рускай моў неаднаразова разглядалася ім. У тым ліку суд спаслаўся і на той факт, што у Пасланні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліце Беларусь у 2014 годзе” ён адзначыў, што ў цяперашні час для забеспячэння свабоднага доступу да правасуддзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах (у адпаведнасці з арт. 17 Кастытуцыі).

Аднак, сам Канстытуцыйны суд ніяк не можа паўплываць на ўнясення зменаў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты, бо не валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. І параіў праваабаронцу звярнуцца да аднага з суб’ектаў, якія валодаюць такім правам: Прэзідэнта, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Ураду, а таксама грамадзянаў у колькасці не менш, як 50 тысяч чалавек.

Гэта не першы зварот Валянціна Стэфановіча ў Канстытуцыйны суд з прапановай унясення зменаў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты, якія на яго думку не адпавядаюць Канстытуцыі.

Мае звароты былі скіраваны на тое, што нарматыўна-прававыя акты ў нас не дублююцца на дзве дзяржаўныя мовы. І гэта пярэчыць артыкулу 17 Канстытуцыі, дзе гаворыцца, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, якія маюць роўны статус. Атрымліваецца, што нарматыўна-прававых актаў, зарэгістраваных у рэестры, на беларускай мове менш за 3%, большасць з якіх — указы прэзідэнта аб узнагароджаннях. Асноўных нарматыўных актаў, якія ў тым ліку закранаюць правы і свабоды грамадзянаў, на беларускай мове проста не існуе. Гэта на маю думку абсалютна недапушчальна і не адпавядае прынцыпу, закладзенаму ў Канстытуцыі.

Аднак, усе рашэнні і рэкамендацыі Канстытуцыйнага суда застаюцца на паперы, ніякіх зменаў не адбываецца і роўны статус дзяржаўных моў дагэтуль не забяспечаны”, — кажа праваабаронца.

Нагадаем, нагодай для звароту ў Канстытуцыйны суд сталі частыя ў апошні час звароты грамадзянаў у Праваабарончы цэнтр “Вясна”, звязаныя з немагчымасцю рэалізаваць на практыцы права на карыстанне беларускай мовай падчас судовых паседжанняў і іншых працэсуальных стасункаў з судамі Рэспублікі Беларусь. Як правіла, пры разглядах спраў суддзі ігнаруюць хадайніцтвы аб вядзенні судовых працэсаў на беларускай мове, не афармляюць працэсуальныя рашэнні і іх копіі на беларускай мове, а адказы на пісьмовы звароты і скаргі даюць у большасці выпадках на рускай мове, не звяртаючы ўвагі на мову, якую выкарыстоўваюць грамадзяне.

Праваабаронцы не упершыню канстатуюць дыскрымінацыю беларускай мовы ў параўнанні з рускай і неаднаразова фіксавалі выпадкі, калі суддзі адмаўляліся весці працэс па-беларуску.


spring96.org