Кітай адкрыў чыгуначны маршрут у Германіі ў абыход Расіі
Кітай адкрыў чыгуначны маршрут у Германіі, які праходзіць у абыход Расіі.
Цягнікі змогуць даехаць да нямецкага горада Мангайм, паведамляе ўрадавы партал China.org.
Новы маршрут праходзіць праз Казахстан, Азербайджан, Румынію, Венгрыю, Славакію і Чэхію. Перасякае Каспійскае і Чорнае моры камбінаваным чыгуначным і марскім транспартам. 13 красавіка з Сіаня адправіўся першы цягнік, загружаны спартыўнымі таварамі.
Новы маршрут праходзіць праз краіны і рэгіёны, праз якія рэдка праязджаюць цягнікі з Кітая. Міжнародная лагістычная кампанія «Xi’an» у Чжуані лічыць, што эфектыўнасць такіх перавозак павялічыцца, а выдаткі паменшацца. Такі маршрут «дапаможа наладзіць экспарт у цяперашняй сітуацыі», — растлумачыў кіраўнік кампаніі.
У пачатку сакавіка расійская газета «Ведомости» са спасылкай на некалькі крыніц паведаміла, што кітайскія грузаадпраўшчыкі пачалі прыпыняць транзіт тавараў праз Расію ў ЕС. Чыгуначны рух практычна спыніўся, піша выданне.
Супрацоўнік еўрапейскай лагістычнай кампаніі паведаміў газеце, што некаторыя кітайскія вытворцы, якія традыцыйна перавозяць тавары па чыгунцы, пачалі пераарыентоўвацца на марскі і аўтамабільны транспарт. У «Расійскай чыгунцы» гэта тады не пацвердзілі.
Пасля ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну і пачатку вайны дзясяткі краін абвясцілі пра санкцыі супраць асобных расійскіх кампаній і іх грамадзян (пераважна палітыкаў і ўладальнікаў буйнога бізнэсу, набліжаных да прэзідэнта Пуціна). Замежныя кампаніі масава пакідаюць Расію: прыпыняюць пастаўкі тавараў, закрываюць расійскую вытворчасць або перадаюць яе мясцовым уладам.
На сённяшні дзень больш за 750 замежных кампаній заявілі аб прыпыненні або поўным спыненні дзейнасці на расійскім рынку. Сярод іх — кітайская дзяржаўная нафтагазавая кампанія «Sinopek», якая прыпыніла інвестыцыйную дзейнасць у Расіі, баючыся трапіць пад другасныя санкцыі ЗША.
Паводле РС.