Кітайскай мовы ў Беларусі стане болей
Такую выснову можна зрабіць з рэплікі кіраўніка дзяржавы аб больш шырокім вывучэнні кітайскай мовы, якая стала рэакцыяй на даклад беларускага пасла ў КНР Кірыла Рудога.
Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову аб больш шырокім вывучэнні кітайскай мовы. Кіраўнік дзяржавы адрэагаваў на даклад беларускага пасла ў КНР Кірыла Рудога. 11 ліпеня Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную прыярытэтам замежнай палітыкі нашай краіны на сучасным этапе.
Лукашэнка прапанаваў, каб да верасня «усе рашэнні былі фармалізаваны, пачынаючы ад вывучэння кітайскай мовы (мы сапраўды тут спазняемся) аж да турызму».
Руды гаварыў пра тое, што моўны бар’ер стрымлівае эфектыўнае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем. Кантакты аб допуску беларускай прадукцыі афармляюцца на кітайскай мове, а спецыялістаў у дадзенай сферы не хапае. Пасол адзначыў, што ў многіх краінах кітайская мова стала ўжо другой замежнай. Таму прапануецца павялічыць яе вывучэнне як у школах, так і ва ўніверсітэтах.
«Еўрарадыё»