Лябедзька дэманстратыўна пакінуў залю суда
Мінскі гарадскі суд разгледзеў скаргі Алеся Арастовіча, Анатоля Лябедзькі і Уладзіміра Раманоўскага на рашэнне суда Савецкага раёна аб прыцягненні іх да адміністрацыйнай адказнасці – арышту на 10 і 15 сутак з нагоды правядзення перадвыбарчага пікета, прысвечанага праблеме палітычных вязняў.
![29e7ada72b2d6cbbca10c75790955922_xl.jpg 29e7ada72b2d6cbbca10c75790955922_xl.jpg](/img/v1/news/full/29e7ada72b2d6cbbca10c75790955922_xl.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Справу намесніка старшыні БСДП (Народная Грамада) Алеся Арастовіча разглядаў сумнавядомы суддзя Камісараў, які ўжо адзначыўся прысудамі на
палітычных працэсах. За 15 хвілін рашэнне было прынятае – ён пакінуў ў сіле пастанову суда Савецкага раёна.
Пасля гэтага суддзя абвясціў, што надалей разглядае дзве справы старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, звязаныя з правядзеннем пікета за адмену аўтапошліны і пікета салідарнасці з
палітвязнямі.
Першае, што зрабіў лідэр АГП – выказаў недавер суддзі, матываваўшы гэта тым, што міжнародныя арганізацыі прынялі шэраг рэзалюцый, у якіх канстатуецца, што ў Беларусі няма незалежнай
судовай сістэмы. Гэта азначае, што суд не можа прымаць самастойныя рашэнні. Ён адзначыў, што ўся судовая вертыкаль зараз змагаецца з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, якую ён прадстаўляе, і
ўсё судовыя рашэнні палітызаваныя – «суды выносяць палітычныя, а не юрыдычныя рашэнні». Суддзя абвясціў перапынак, каб параіцца. Тым часам Анатоль
Лябедзька дэманстратыўна пакінуў залю пасяджэння, фактычна пакінуўшы суддзю сам-насам.
«Проста агідна глядзець, як гэтыя «чорныя чалавечкі» здзекуюцца з закона, правапрымяняльнай практыкі, з Канстытуцыі. Нават агідна знаходзіцца з імі ў адным памяшканні,
– паведаміў ён сайту ucpb.org. – Таму і выказаў усё ім у твар. Суддзя гэтага не
чакаў, але няхай застаецца і сам выносіць рашэнні, якія прымае ў адпаведнасці з тым, што яму кажуць, а не з тым, што дыктуюць Канстытуцыя і законы».
Скарга старшыні Беларускага аддзялення міжнароднага таварыства «Мемарыял» Уладзіміра Раманоўскага таксама была адхілена судом.