Маршу Незалежнасці 14 мая ў Мінску не будзе
Мінскія гарадскія ўлады адмовілі заяўнікам правядзення (руху «За свабоду») ў цэнтры Мінска 14 мая Маршу Незалежнасці.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка ў сваім лісце спасылаецца на артыкул 8 Закона «Аб масавых мерапрыемствах», паведамляе «Наша ніва» са спасылкай на прэс-службу руху «За свабоду», — да атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства яго арганізатары не маюць права паведамляць у СМІ і інтэрнеце аб даце, месцы і часе яго правядзення.
Марш у падтрымку незалежнасці Беларусі планавалася правесці 14 мая ў Мінску, прайшоўшы шэсцем ад Нацыянальнай бібліятэкі да Плошчы Незалежнасці.
Ініцыятары Маршу Незалежнасці маюць намер падаць новую заяўку, гэтым разам на 27 ліпеня.
У гэты дзень у першай палове 1990-х адзначалася галоўнае дзяржаўнае свята краіны — Дзень Незалежнасці.