Рух "За Свабоду" заклікае ўлады забараніць раздачу і выкарыстанне "георгіеўскіх" стужак у грамадскіх месцах
Рух "За Свабоду" распаўсюдзіў заяву, у якой заклікае беларускія ўлады забараніць раздачу і выкарыстанне ў грамадскіх месцах так званых георгіеўскіх стужак. Нагодай для заявы стала раздача такіх стужак у мінскіх гіпермаркетах.
"Чорна-аранжавыя сімволіка ўсё менш і менш асацыюецца з Днём Перамогі над нацызмам і фашызмам. Яна ўсё больш становіцца сімвалам расійскага імперыялізму. Пасля апошніх падзей ва Украіне яна адназначна мае новы адмоўны сэнс як услаўленне сепаратызму і ваеннай агрэсіі", — гаворыцца ў заяве.
Рух "За Свабоду" заклікае ўрад, Мінгарвыканкам і іншыя органы мясцовай улады забараніць раздачу і выкарыстанне так званых георгіеўскіх стужак у грамадскіх месцах.
"Мы таксама заклікаем беларусаў адмаўляцца ад выкарыстання гэтых стужак у знак салідарнасці з Украінай і пратэсту супраць ваеннай агрэсіі, прапанощваем святкаваць угодкі перамогі ў Другой
сусветнай вайне з іншымі, у тым ліку нацыянальнымі, сімваламі", — гаворыцца ў заяве.
Акцыі з раздачай "георгіеўскіх" стужак праходзяць, у прыватнасці, у сталічных гіпермаркетах сеткі "Еўраопт" і ProStore. На афіцыйных сайтах гэтых гандлёвых сетак
размешчана інфармацыя аб правядзенні такіх акцый з заклікам прымацоўваць атрыманыя стужкі на аўтамабілі, адзенні, сумкі, дзіцячыя каляскі ў знак "выказвання падзякі і памяці
ветэранам".
Рух "За Свабоду" створаны пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года Аляксандрам Мілінкевічам, які ўдзельнічаў у кампаніі як адзіны кандыдат у прэзідэнты ад аб'яднаных дэмакратычных
сіл Беларусі.
БелаПАН