«Маўчаць — нельга!» — Вінцук Вячорка каментуе «Захад–2017»

Чым больш трывогі, контрмер і захадаў, тым лепш, лічыць Вінцук Вячорка. Бо Масква можа вырашыць: калі яны маўчаць — значыць, усё дазволена.

viachorka_1.jpg

«Нападаць ні на каго не збіраемся», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, каментуючы беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні «Захад–2017». Паводле кіраўніка дзяржавы, пераканацца ў гэтым змогуць у тым ліку замежныя назіральнікі.

Ці сапраўды няма падстаў для занепакоенасці? Пра гэта “Радыё Рацыя” гутарыць з палітычным і грамадскім дзеячам Вінцуком Вячоркам.
— Наколькі вы падтрымліваеце перасцярогі Літвы, Польшчы, іншых краін адносна вайсковых вучэнняў «Захад-2017», і наколькі сам план вучэнняў адэкватны да сітуацыі?

— Я лічу, што маўчаць нельга, і чым больш трывогі, контрмер і захадаў, тым лепш. Калі рабіць выгляд, што нічога не адбывацца, то гэта азначае правакаваць вельмі неразумныя рашэнні з маскоўскага боку. Масква можа вырашыць: калі яны маўчаць — значыць усё дазволена.

Калі зжэрлі Абхазію і Паўднёвую Асецію, на жаль, Захад маўчаў. Калі захапілі Крым, то Захад толькі выказаў крайнюю занепакоенасць. Увогуле пачалі на Захадзе разважаць наконт таго, ці варта шкодзіць эканамічным інтарэсам праз нейкі там Данбас. І гэта ўсё адсочваецца і аналізуецца маскоўскімі аналітыкамі.

Калі няма рэакцыі, то можна ісці далей, але што далей будзе? Балтыя, Польшча, Фінляндыя? Мы гэтага не ведаем, але тое, што па дарозе ў Польшчу і Балтыю ляжыць Беларусь, то гэта відавочна. У гэтым выпадку нават недабудаваны суверэнітэт Беларусі перашкаджае такім задумам, перашкаджае палохаць.

Як вось Уладзімір Пуцін трактуе цяпер міжнародную палітыку? Як набор элементаў шантажу: я вас палохаю, а вы вакол мяне бегаеце.

На думку Вінцука Вячоркі, здабыццё кантролю над Беларуссю палегчыць такі шантаж з боку Расіі і Пуціна. Таму Вячорка задаволены з таго, што вайсковыя манеўры таксама адбываюцца і ў Польшчы, і ў краінах Балтыі, і цяпер у Фінскім заліве. «Сам факт правядзення такіх буйных вучэнняў, як “Захад–2017” паказвае, што ўрад і Лукашэнка не з’яўляюцца гарантамі незалежнасці Беларусі. Такім гарантам, ёсць грамадства ды яго адпаведныя настроі, яго ідэнтычнасць і гатоўнасць бараніць сваю краіну», — дадае Вінцук Вячорка.

— Яшчэ адзін вельмі трывожны момант. У манеўрах удзельнічаюць вайсковыя часткі Расіі, якія маюць баявы досвед з Абхазіі, з Крыму і з Данбасу. Такім чынам пазіцыянуецца вобраз новага героя ў спалучэнні з бясконцымі расійскімі серыяламі пра афіцэраў, фсб-эшнікаў і гэтак далей, якія круцяцца па беларускім тэлебачанні.

Прысутнасць такі новых псеўдагерояў, на жаль, уплывае на свядомасць многіх беларусаў, маладых людзей, у тым ліку салдатаў і афіцэраў. Насамрэч гэта ін’екцыя абсалютна антыбеларускага, імперскага інтэлекту.

— Калі мы гаворым пра ўлады Беларусі, напэўна, і там ёсць разумныя людзі, якія разумеюць многія рэчы пра якія вы гаворыце. Але ці Аляксандр Лукашэнка хоча нешта змяніць, або ці можа нешта змяніць, адмовіцца ад манеўраў?

— Праблема ў тым, што сам Аляксандр Лукашэнка нас у гэтую пастку і завёў, і вёў у яе ўсе гэтыя дзесяцігоддзі. Я не сумняваюся ў тым, што сярод атачэння Лукашэнкі ёсць аналітыкі, якія выдатна разумеюць, што ў генерал-губернатарстве пад назвай «Северо-западный край» ні іх гаспадару, ні ім самім нічога не свеціць. У Маскве ёсць свае галодныя чыноўнікі. Але ва ўладаў цяпер няма выбару, і яны спрабуюць выбіраць меншае зло, цягнуць час, імітаваць.

Лукашэнка ж увогуле вялікі майстар імітацыі, якая доўгі час дзейнічала на заходніх палітыкаў і нават фінансістаў. Лукашэнка, біючы сябе ў грудзі, казаў, што мы хочам рэформаў, мы абяцаем, мы заўтра ж пачнём, але ж вы разумееце, што ў нас умовы, кантэкст, мы не хочам ні з кім сварыцца… Заходнікі мудра ківалі галовамі і чакалі, калі ж гэта ўсё настане. А яно не настае. Я спадзяюся ўсё ж не на «мудрых чыноўнікаў».

— Калі цяпер, калі “рускі салдат” ужо на беларускай зямлі, калі расейскіх вайскоўцаў можна сустрэць на вуліцы, або нават у аўтобусе ці трамваі, як мяркуеце, якое будзе стаўленне грамадства?

— Пакуль нічога дрэннага не будзе адбывацца, то і ніякага стаўлення ў большасцю людзей і не будзе. Адукаваная меншасць, не думаю, што будзе расійскім салдатам нешта крычаць. Пакуль нічога не адбывацца, акрамя вывешвання лозунгаў «Русский солдат, иди домой!», ніякіх канфліктаў не адбылося.

Нагадаем, вучэнні “Захад–2017” пройдуць з 14 па 20 верасня. Усяго ў іх прымуць удзел каля 13 тысяч вайскоўцаў, з іх каля 10 тысяч — на беларускай тэрыторыі. Беларусь запрасіла больш за 80 міжнародных назіральнікаў, у тым ліку з АБСЕ, Украіны, Польшчы, краін Балтыі, а таксама з іншых краін ды арганізацый.
www.racyja.com