МЗС Аўстрыі: Мы выступаем за поўнае зняцце санкцый з Беларусі

Адкрыццё Аўстрыяй сваёй амбасады ў Беларусі міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей назваў мужным рашэннем.



au3_05654_1.jpg

Уладзімір Макей: “Вы ўсе ведаеце пра пэўныя праблемы ў нашых адносінах з Еўрапейскім саюзам. І тым не менш, аўстрыйскае кіраўніцтва прыняло гэта рашэнне, разумеючы, што Беларусь з’яўляецца ў нашым рэгіёне фактарам стабільнасці, зацікаўленая ў пабудове нармальных адносінаў з Еўрасаюзам і з асобнымі ўплывовымі сябрамі Еўрасаюза. Такімі, як Аўстрыя, Германія і шэраг іншых краін. Таму мы ўдзячныя аўстрыйскаму кіраўніцтву за гэтае рашэнне і лічым, што была выяўленая пэўная мужнасць пры яго прыняцці”.

au2023123.jpg?itok=Zf_rmBXS

Па словах Макея, Беларусь вельмі зацікаўленая ў развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Аўстрыяй і ЕС. У адказ генеральны сакратар па замежных справах Міхаэль Лінхарт называе нашу краіну важным партнёрам Аўстрыі ў нашым рэгіёне. І дадае, што аўстрыйскія бізнесмены ўклалі ў Беларусь два мільярды еўра прамых інвестыцый, што робіць Аўстрыю адным з самых буйных інвестараў для нашай краіны. Таму наступная яго заява не становіцца зусім нечаканай.

Міхаэль Лінхарт: “Аўстрыя выступае за адмену санкцый у дачыненні да Беларусі. У гэтым сэнсе мы на баку Беларусі, і таму я спадзяюся, што тут рух будзе менавіта ў гэтым накірунку. У гэтым пытанні мы працуем у адным накірунку з нашымі беларускімі партнёрамі”.

au40234325.jpg?itok=xakXXXNP

Па словах аўстрыйскага дыпламата, для яго краіны вельмі важны палітычны дыялог з Беларуссю ў межах узаемадзеяння нашай краіны з ЕС.

Калегу падтрымлівае Уладзімір Макей. Па яго словах, санкцыі не спрыяюць выбудоўванню нармальных гандлёва-эканамічных, палітычных і гуманітарных адносінаў паміж Беларуссю і ЕС, а менавіта да гэтага наша краіна і імкнецца.

Уладзімір Макей: “Мы размаўлялі пра гэта і сёння падчас сустрэчы з палітычнымі дырэктарамі знешнепалітычных ведамстваў Вялікабрытаніі, краін Вышаградскай чацвёркі. Заўтра працягнем перамовы з Генеральным сакратаром знешнепалітычнага ведамства Аўстрыі, будзем весці перамовы з палітычным дырэктарам МЗС Германіі. Мы сапраўды зацікаўленыя ў тым, каб праз дыялог знаходзіць кропкі сутыкнення і выходзць на нармальнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрасаюзам”.

au502341243124.jpg?itok=zqOSQGVl

Еўрарадыё ўдакладняе: на якія тэмы яшчэ Аўстрыя плануе весці “палітычны дыялог з Беларуссю ў межах узаемадзеяння нашай краіны з ЕС”, апроч падтрымкі нашай краіны ў пытанні адмены санкцый? Міхаэль Лінхарт спрабуе тлумачыць пазіцыю Аўстрыі наконт санкцый.

Міхаэль Лінхарт: “За апошні час Беларусь даслала шмат вельмі важных сігналаў і быў сапраўды паказаны прагрэс, у прыватнасці, у сферы правоў чалавека. І калі нейкія пазітыўныя сігналы зыходзяць ад Беларусі, то мы хочам гэтаму выказаць ухваленне. Гэта і абгрунтоўвае пазіцыю Аўстрыі, калі я кажу, што мы выступаем за адмену санкцый, выступаем за тое, каб падтрымаць Беларусь. Палітычны ж дыялог не мусіць абмяжоўвацца нейкай адной сферай — можна абмяркоўваць і ўцягваць сюды розныя сферы, што мы і будзем рабіць”.

au60123546345.jpg?itok=JriquG-l

Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Аўстрыі ў Беларусі стаў Аляксандр Баерль.

euroradio.fm

Фота Змітра Лукашука