На Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе зноў разгледзяць "беларускае пытанне"

Сітуацыя з правамі працоўных у Беларусі зноў будзе абмяркоўвацца 5 чэрвеня ў межах 104-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы (МКП), якая праходзіць 1—13 чэрвеня ў Жэневе.



mot_2451.jpg

Расклад індывідуальных краінавых слуханняў апублікаваны на сайце Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).
У працы канферэнцыі бярэ ўдзел афіцыйная ўрадавая дэлегацыя Беларусі на чале з міністрам працы і сацыяльнай абароны Марыянай Шчоткінай. У апублікаваным спісе ўдзельнікаў у складзе беларускай дэлегацыі лічацца таксама старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Беларускай асацыяцыі прадпрыемстваў прамысловасці (БелАПП), Беларускага прафсаюза работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галінаў прамысловасці, Беларускага прафсаюза работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання і іншых.
Лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук прысутнічае на МКП у якасці віцэ-прэзідэнта Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў.
Нагадаем, "беларускае пытанне" ўзнікла ў парадку дня МАП у 2003 годзе. Тады Адміністрацыйны савет МАП пачаў расследаванне парушэння правоў прафсаюзаў у Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў. Па выніках расследавання Беларусь неаднаразова ўносілі ў спецпараграф МАП як краіну, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў. Гэта, у сваю чаргу, стала прычынай для выключэння Беларусі ў чэрвені 2007 года з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза.
Для вяртання прэферэнцый урад Беларусі павінен выканаць 12 рэкамендацый МАП, сярод якіх: прадаставіць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць пярвічныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць пераслед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці; забяспечыць усім прафсаюзным аб'яднанням права ўдзелу ў вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны.
У студзені 2014 года Беларусь наведала місія на чале з дарадцам гендырэктара МАП Кары Тапіёлам. Задачай місіі было "скласці поўную карціну сітуацыі з правамі прафсаюзаў і дапамагчы беларускім уладам рэалізаваць ранейшыя рэкамендацыі следчай камісіі МАП". Прадстаўнікі арганізацыі сустрэліся з кіраўніцтвам шэрагу міністэрстваў, двух буйных прафцэнтраў — праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і незалежнага Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, а таксама з актывістамі арганізацыі свабоднага прафсаюза прадпрыемства "Граніт" (Мікашэвічы, Лунінецкі раён, Брэсцкая вобласць), якія зведалі націск з боку адміністрацыі прадпрыемства. 
Праз паўгода пасля візіту місіі, у чэрвені 2014 года на сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы Беларусь у сёмы раз была ўнесена ў спецыяльны параграф МАП як краіна, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў.
Штогадовая Міжнародная канферэнцыя працы з'яўляецца вышэйшым органам МАП, на ёй прымаюцца ўсе акты арганізацыі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН