Беларуская мадэль і прадметна-тэхналагічнае мноства

Дэкрэт №5 — наш адказ на не наш эканамічны крызіс. Ён дазваляе «нахіляць» работнікаў любога рангу: ад кіраўнікоў да шараговых выканаўцаў. У выніку уладная «вертыкаль» складаеца з нахіленых работнікаў усіх узроўняў.



kvartet_1.gif

Пачну з вызначэння прадметна-тэхналагічнага мноства (ПТМ), якое я запазычыў у эканаміста Алега Грыгор’ева. Гэта мноства складаецца з прадметаў (вырабаў, дэталяў, відаў сыравіны), што актуальна існуюць на рынку. Другую частку мноства складаюць тэхналогіі, г. зн. спосабы вытворчасці, якія прадаюцца на рынку тавараў.

А зараз пяройдзем да часткі практычнай. Праблема ўкаранення інавацый заўсёды была ахілесавай пяткай савецкай эканамічнай мадэлі. Яна рэгулярна абмяркоўвалася на ўзроўні пленумаў ЦК і з’ездаў партыі. Вынікі не радавалі. Без пастаянных штуршкоў зверху савецкая мадэль на інавацыі адгукалася вельмі стрымана.

Адзін прыклад. У 1960-х гадах па прапанове Міністэрства гандлю было прынята рашэнне наладзіць вытворчасць кухонных гарнітураў. Да гэтага ў краіне пераможнага сацыялізму яны не рабіліся, а закупляліся ў ГДР. Знайшліся энтузіясты. Праекту быў дадзены ход і... праз 10 гадоў першы савецкі кухонны гарнітур паступіў у гандлёвую сетку.

Справа не ў бюракратыі

З савецкага мінулага перанясемся ў постсавецкую сучаснасць. Я жыву ў стандартнай трохпакаёвай кватэры. Абстаўленая яна без асаблівых вынаходніцтвай. Тым не менш у калідоры і двух пакоях убудаваная мэбля, што выраблена на індывідуальную замову.

Як гэта ажыццяўлялася на практыцы? Я распрацоўваў эскіз. Узгадняў яго з галоўнай інстанцыяй (жонкай). Па абвестках газеце знаходзіў фірму, якая спецыялізуецца на вырабе мэблі. Тэлефанаваў. Прыязджаў спецыяліст — і праз тыдзень брыгада з двух чалавек з гатовых элементаў за дзень збірала камплект убудаванай мэблі.

Такім чынам, я не проста выступаў у ролі заказчыка, але адначасова і ў ролі канструктара (вынаходніка). Пры гэтым ад зацвярджэння эскіза да здачы «аб’екта пад ключ» сыходзіла не больш за тыдзень.

Але за кошт чаго дасягалася фантастычная (паводле савецкіх мерак) хуткасць укаранення маіх вынаходак? Для адказу на гэта пытанне мне спатрэбіцца звярнуцца да абрэвіятуры ПТМ.

Убудаваная шафа ў калідоры складаецца з трох блокаў, з якіх два — шафы-купэ са стандартнымі рассоўнымі дзвярыма. Вынаходзіць дзверы мне не давялося. Я іх запазычыў з таго, што мелася ў наяўнасці ў ПТМ. Але так робіць любы канструктар, у тым ліку і распрацоўшчык найскладаных электронных мікрачыпаў. У яго кампутарнай бібліятэцы маюцца ўжо гатовыя блокі. Гэта яго «дзверы». Імя вынаходніка транзістара амерыканца Уільяма Шоклі памятаць пры гэтым не абавязкова, як не абавязкова разумець фізіку p-n пераходу.

Але рушым далей. Маюцца дзве краіны, якія істотна адрозніваюцца па багацці ПТМ. Назавем адну з іх «Амерыкай», другую — «Вялікабрытаніяй». Выкажам здагадку, што ў першай жыве вынаходнік Эдысан, у другой — Суон. Яны практычна адначасова вынаходзяць лямпачкі напальвання. А зараз — увага! — пытанне. У каго з іх будзе больш шанцаў давесці сваё вынаходніцтва да масавай вытворчасці? Адказ на гэта пытанне ведае нават мой кампутар. Прозвішча Соун ён падкрэслівае. Яно адсутнічае ў яго слоўніку.

Цяпер мы можам зразумець галоўную праблему савецкіх вынаходнікаў. Вось як яе выкладае Грыгор’еў на прыкладзе вытворчасці кухонных гарнітураў: «І справа тут не толькі ў бюракратыі. Прыйшлося стварыць дзве новыя падгаліны, г. зн. вылучыць інвестыцыі, пабудаваць заводы, вырабіць, закупіць і наладзіць абсталяванне. Яшчэ некалькі новых вытворчасцяў было запушчана на ўжо існуючых заводах — а ў тых план, недахоп рэсурсаў і працоўных рук».

Усё разам гэта называецца «беднае ПТМ». У краіны, што адгарадзілася ад свету «жалезнай заслонай», яно і не магло быць іншым. Пра гэта неабходна памятаць чыноўнікам, што ўскладаюць надзеі на імпартазамяшчэнне.

Вертыкаль як сума нахіленых работнікаў

22 мая адзіны палітык (АП) на VII з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў у чарговы раз патлумачыў наяўнасць пэўных цяжкасцяў у беларускай эканоміцы моцным уплывам знешніх фактараў («кризисом, возникшим у наших внешних партнеров»).

Але не ўсё так безнадзейна. У нас ёсць досвед працы ў такіх умовах, і ён нам падказвае, што крызісы прыходзяць і сыходзяць. «Я уже об этом говорил не единожды. Ключевым моментом проблемных периодов развития нашей истории было сохранение производств и трудовых коллективов. Белорусский опыт преодоления экономического спада, по сути, был уникальным. В США, Западной Европе отмечались массовые сокращения. Сотни тысяч людей в одночасье лишились работы. Но мы выстояли тогда, справимся и сейчас!»

Крызісы прыходзяць і сыходзяць. Але поспех у выніку спадарожнічае тым, хто ўмее чакаць, не робячы пры гэтым рэзкіх рухаў. Адсюль тэзіс дня: «Чего бы нам ни стоило, сохранить трудовые коллективы».

Для далейшага раскрыцця тэмы мне спатрэбіцца міжнародная статыстыка. У 1990 годзе ў ЗША самай буйной па капіталізацыі кампаніяй была General Motors, а ў дзясятцы былі таксама Ford, Exxon, Mobil, Chrysler, DuPont і Texaco. Сёння на першым месцы — Apple, а ў дзясятцы — Google, Microsoft, Berkshire Hathaway, WellsFargo і WalMart. З першых дзесяці не выпалі толькі ExxonMobil (збольшага — таму, што аб’ядналіся) і GeneralElectric. Сярод 30 карпарацый, якія цяпер уваходзяць у індэкс DowJones, 14 не былі ў ім на момант яго апошняга перагляду ў «савецкія часы» (май 1991 года).

Што з гэтага вынікае? Пакуль МЫ перажываем пэўныя цяжкасці, заклікаючы работнікаў дзяржпрадпрыемстваў трымацца за працоўныя месцы, ЯНЫ ва ўмовах крызісу актыўна ўзбагачаюць сваё ПТМ.

У галінах, што не існавалі ў Амерыцы 25 гадоў таму, было створана да 15 мільёнаў працоўных месцаў. Адбыўся зрух з галінаў, у якіх цанілася праца і рэсурсы, да галінаў, дзе галоўную ролю адыгрывае творчасць.

Але што мы можам супрацьпаставіць творчасці? Зноў вернемся на з’езд Федэрацыі прафсаюзаў. Не, мы не сядзелі склаўшы рукі. Мы распрацавалі і ўкаранілі «средство подстегивания — Декрет №5». Яго асноўная ідэя — прымусіць кіраўнікоў працаваць. Яны занадта расслабіліся.

Дэкрэт №5 дазваляе не толькі «нахіляць» кіраўнікоў, але і дае ім (нахіленым кіраўнікам) неабмежаваныя правы «нахіляць» сваіх падначаленых. У выніку ўпершыню ў найноўшай гісторыі беларускай дзяржавы з’явілася магчымасць выбудаваць уладную «вертыкаль» з нахіленых работнікаў усіх узроўняў.

Першыя вынікі адміністрацыйных намаганняў гэтай арыгінальнай уладнай канструкцыі ўжо фіксуе Белстат. У прыватнасці, у сакавіку было выраблена 162 грузавых аўтамабілі, што дазволіла давесці колькасць гатовых машын на складах да 2100 штук.

У рамках нашай праблемы нельга не звярнуць увагу на поспехі Парку высокіх тэхналогій. Невялікая даведка, якую я запазычыў на афіцыйным сайце парку: «Аб’ём вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі і паслуг рэзідэнтамі Парку высокіх тэхналогій за 2014 год склаў 6,96 трыльёна рублёў. Тэмп росту ў параўнанні з 2013 годам склаў 147% (з улікам змянення курсу долара ЗША і дэфлятара ВУП — 126%)».

Адна з прычын поспеху парку, як няцяжка здагадацца, заключаецца ў тым, што ён не замкнуты на беларускае ПТМ. Такім чынам, яго праца ў мінімальнай ступені залежыць ад дзяржаўных чыноўнікаў, чыю адміністрацыйную стараннасць закліканы стымуляваць Дэкрэт №5.

Своечасовая смерць правадыра

Прырода міждысцыплінарная. Гэта мы праз свае абмежаваныя разумовыя здольнасці вымушаныя штучна дзяліць яе на асобныя галіны: эканоміку, палітыку і г. д.

Адным з крытэраў развіцця, як вядома, з’яўляецца ўскладненне (дыферэнцыяцыя). Вышэй гэта было паказана на прыкладзе ПТМ. Калі прадметна-тэхналагічнае мноства паслядоўна множыцца, хай даруюць мне чытачы таўталогію, гэта з’яўляецца дакладнай прыкметай здаровай эканомікі. Але працэс гэты павінен суправаджацца паралельным узбагачэннем палітыка-сацыяльнага мноства (ПСМ). Да чаго здольна прывесці неадпаведнасць тэмпаў развіцця двух мностваў, наглядна прадэманстравала «найвялікшая катастрофа XX стагоддзя».

Здзейснім невялікі экскурс у гісторыю. Савецкая планавая эканоміка была выбудаваная пры Сталіне. Яна апынулася здольнай вырашаць задачы, якія стаялі ў той час перад краінай і галоўнай з якіх было стварэнне канкурэнтнага ваенна-прамысловага комплексу. Багатага ПТМ для гэтага не патрабавалася. Дзяржплан і Дзяржснаб дастаткова эфектыўна канцэнтравалі рэсурсы на абмежаванай колькасці прыярытэтных напрамкаў. Што тычыцца тавараў народнага спажывання, дык для іх вытворчасці рэсурсы размяркоўваліся па рэшткавым прынцыпе.

Аднак падтрыманне ваеннага парытэту з Захадам было немагчыма без развіцця новых галін прамысловасці (электроніка, хімія палімераў і г.д.). Узятыя разам, яны ўтварылі новае тэхналагічнае ядро грамадскай вытворчасці. І тут аказалася, што планавым чынам размяркоўваць рэсурсы, як гэта рабілася ў дачыненні да старога тэхналагічнага ядра, практычна немагчыма.

«Сталін, верагодна, памёр не толькі ад старасці, — справядліва заўважыў эканаміст Віталь Найшуль, — але і ад таго, што скончыўся час «ідэі яго жыцця». Усё, што яму было наканавана разбурыць, было ўжо знішчана або знявечана. Тое, што яму было наканавана стварыць, ужо нарадзілася на свет». Усе тыя фактары, якія раней працавалі на кансалідацыю сталінскай гаспадарчай машыны, пачалі дзейнічаць у іншым, часам прама процілеглым кірунку.

Постсталінскаму ПТМ стала цесна ў рамках сталінскага ПСМ. Пераемнікі «бацькі народаў» гэта выдатна разумелі. Яны спрабавалі рэфармаваць ПСМ, не змяняючы пры гэтым яго прыроды. Аднак тэхналагічнае адставанне ад загніўшага Захаду скараціць не змаглі. Наадварот, яно бесперапынна павялічвалася. Сістэма рухалася да чарговай смуты, і яна надышла пасля падзення коштаў на нафту ў 1985 годзе.

Сёння сцэнар перабудовы можа паўтарыцца, але ўжо на новым вітку гісторыі.