Польшча. Дзе праца для выпускнікоў?
Каб дапамагчы маладым людзям у выбары жыццёвага шляху, польскі тыднёвік „Wprost” запытаўся ў рэкруцёраў і даследчыкаў рынку працы, на якія факультэты павінны паступіць сёлетнія выпускнікі сярэдніх школ, каб у будучыні без праблемы знайсці працу.
Перш за ўсё, адмыслоўцы раяць выбіраць тэхнічныя факультэты. Аднак тут таксама спачатку варта прааналізаваць канкрэтны рынак.
Прэс-сакратар Галоўнай гандлёвай школы (SGH) Марцін Познань, запэўнівае, што рашэнне аб адкрыцці новых факультэтаў яго ВНУ прымае на падставе кансультацыяў з працадаўцамі. Апошнім часам у вучэльні адкрыўся факультэт — грамадскія аналізы и даследаванні.
У сваю чаргу Юстына Сьціглер з агенцтва „Manpower” раіць пацікавіцца факультэтамі, звязанымі з інтэрнэт-камунікацыяй і сучаснымі прамысловымі тэхналогіямі. Паводле дарадцаў, надзейнымі факультэтамі з'яўляюцца тыя, якія адказваюць на дэмаграфічныя змены ў краіне.
Шанцам для маладых людзей ёсць таксама цэнтры аўтсорсінгу. У будучыні, дзякуючы ім, працу павінны знайсці выпускнікі фінансаў, аналітыкі, статыстыкі і мовазнаўства. Эксперты згодныя — варта пазбягаць факультэтаў, якія прапануюць агульныя веды, а не канкрэтнае ўменне. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра псіхалогію, педагогіку, філасофію, міжнародныя адносіны, кіраванне ці ахову навакольнага асяроддзя.
Аднак падчас выбару ВНУ варта ўзяць пад увагу не толькі патрабаванні рынку, але таксама ўласныя зацікаўленні і здольнасці, дадае тыднёвік „Wprost”.