Нацболы правялі ў Мінску акцыю, затрыманых няма
Беларускія нацыянал-бальшавікі правялі 4 мая ў Мінску акцыю, прымеркаваную да адкрыцця чэмпіянату свету па хакеі.
Фота naviny.by
Як гаворыцца ў паведамленні арганізацыі, каля галоўнага ўваходу ў парк Чалюскінцаў нацыянал-бальшавікі павесілі расцяжку "Усіх не пасадзіш!" з сімвалічным фотаздымкам прэзідэнта,
размешчаным па цэнтры. А таксама распаўсюдзілі ў адным з самых наведваных паркаў адпачынку горада вялікую колькасць тэматычных улётак, якія тлумачылі сутнасць акцыі.
"Гэтай акцыяй актывісты хочуць прыцягнуць увагу грамадзян, уладаў і замежных турыстаў да вострай праблемы палітычна матываваных рэпрэсій супраць грамадскіх і апазіцыйных актывістаў Беларусі. У тым ліку да так званых "прэвентыўных арыштаў", калі іншадумцаў ізалююць па падложных абвінавачаннях на час дзяржаўных святаў і іншых мерапрыемстваў толькі за іншае меркаванне, якое адрозніваецца ад меркавання прэзідэнта, наконт грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне", — гаворыцца ў паведамленні.
Ніхто з удзельнікаў акцыі затрыманы не быў. "Але трэба чакаць, што рэакцыя праваахоўных органаў будзе як заўсёды бессэнсоўнай і бязлітаснай. Да адміністрацыйнага арышту могуць быць прыгавораны і актывісты, якія да акцыі ніякага дачынення не маюць", — адзначаюць нацыянал-бальшавікі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН