Брэсцкія сацыял-дэмакраты і актывісты "Гавары праўду" правялі акцыю да Дня Перамогі

У Брэсце актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і кампаніі "Гавары праўду" 6 мая правялі акцыю, прымеркаваную да Дня Перамогі.



briest1.jpg

Як паведаміла БелаПАН старшыня гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс, акцыя была арганізавана ў мікрараёне Паўднёвы каля помніка, устаноўленага на месцы масавага расстрэлу жыхароў Брэста нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941–1944 гадах.
 

Грамадскія і партыйныя актывісты займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі, высадзілі кветкі каля помніка. Затым хвілінай маўчання ўшанавалі памяць ахвяр фашызму.
 

"Тут пахаваныя астанкі тысяч мірных жыхароў. І памяць аб іх у нашых сэрцах", — сказала Канюс.
 

Яна адзначыла, што сацыял-дэмакраты і актывісты "Гавары праўду" традыцыйна праводзяць памятныя акцыі да Дня Перамогі.

Ларыса Шыганава, БелаПАН