Праваабаронца Андрэй Бандарэнка арыштаваны

Кіраўніка "Платформы" абвінавачваюць у хуліганстве.



bandar.jpg

Як стала вядома сёння ўвечары, ужо другі тыдзень кіраўнік праваабарончай арганізацыі "Платформа" Андрэй Бандарэнка знаходзіцца ў зняволенні. 1 красавіка яго затрымалі і адправілі на Акрэсціна, а сёння перавялі ў СІЧУ №1 г. Мінска. Паплечнікі Андрэя Бандарэнкі лічаць, што яму ўжо маглі прад'явіць абвінавачанні па арт.339 КК — "хуліганства".

Паводле інфармацыі "Платформы", у лютым з Андрэем Бандарэнкам адбылася наступная сітуацыя — невядомы мужчына на вуліцы папрасіў запаліць, а пасля пачаў сварыцца ды канфліктаваць. Для вырашэння канфлікту былі выкліканыя міліцыянты.

Сябры Андрэя Бандарэнкі расцэньваюць гэты інцыдэнт як верагодную правакацыю, якая была здзейснена з мэтаю спыніць актыўную дзейнасць Андрэя Бандарэнкі і "Платформы".

Нагадаем, "Платформа" займаецца правамі вязняў у Беларусі. Дзякуючы гэтай арганізацыі, многія гісторыі, звязаныя з парушэннем правоў зняволеных, атрымалі шырокі розгалас.