Правацэнтрысцкая кааліцыя: мы выйдзем шчыльнымі радамі

Свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі няма, але правацэнтрысты будуць браць удзел у гэтай электаральнай кампаніі.

20160610_110334_logo.jpg

Пра гэта заявілі на прэс-канферэнцыі ў пятніцу, 10 чэрвеня сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Віталь Рымашэўскі, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька і намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.


Як паведаміў Юрась Губарэвіч, ужо існуе ўзгоднены спіс кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі ў 95 са 110 выбарчых акругаў. Хаця, дадаў ён, не ўсё так гладка будзе ісці падчас выбарчай кампаніі, як пра тое кажуць прадстаўнікі ўлады і Цэнтрвыбаркаму. “На некаторых нашых патэнцыйных кандыдатаў ужо пачынае аказвацца ціск па месцы працы. Мы адсочваем гэтыя моманты”, — адзначыў палітык.


Паводле Губарэвіча, цяпер стаўка будзе рабіцца не толькі на вылучэнне кандыдатаў шляхам збору подпісаў, бо мінулымі разамі выбарчыя камісіі не дапускалі прэтэндэнтаў да выбараў праз прызнанне сабраных подпісаў несапраўднымі і скасоўвалі выбарчыя спісы.

 

Зараз чальцы кааліцыі будуць карыстацца магчымасцю вылучэння кандыдатаў праз партыйныя структуры той жа АГП, якая мае дзяржаўную рэгістрацыю і можа вылучаць сваіх кандыдатаў без збору подпісаў. Хаця, падкрэсліў намеснік старшыні Руху “За свабоду”, удзельнікі выбарчай кампаніі — правацэнтрысты мяркуюць сабраць за сваіх 95 вылучэнцаў ад 50 да 100 тысяч подпісаў грамадзян.

 

Лідар АГП Анатоль Лябедзька распавёў пра адметнасць правацэнтрысцкай кааліцыі. “Мы прыспусцілі нашы штандары, гэта азначае, што мы не толькі дэкларуем нейкія добрыя мэты і задачы, але і робім гэта на практыцы. Калі гэта кааліцыя, то мы вымушаныя свае асабістыя амбіцыі ўтаймоўваць, каб быць больш моцнымі. Зараз мы абмяркоўваем магчымасць супольнага старту падчас парламенцкай выбарчай кампаніі. Мы абмяркоўваем таксама магчымасць правядзення кангрэса дэмакратычных сілаў, удзельнікамі якога б сталі альбо ўжо зарэгістраваныя дэмакратычныя кандыдаты, альбо правесці яго напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў”, — паведаміў Лябедзька.

 

Паводле палітыка, у гэтым плане ёсць станоўчае стаўленне з боку левацэнтрыстаў, таму такая прапанова мае даволі вялікі шанец на практычную рэалізацыю. У гэты працэс уключаны амаль усе структуры, якія заяўляюць пра сваю апазіцыйнасць, дадаў старшыня АГП.


Віталь Рымашэўскі адзначыў, што правацэнтрысты пакідаюць партнёрам з іншых апазіцыйных структур 15 выбарчых акругаў і не будуць вылучаць сваіх кандыдатаў там, дзе пойдуць на выбары моцныя асобы ад іншых дэмакратычных партнёраў.

 

Па словах аднаго з лідараў БХД, кааліцыя разумее, што ніякіх дэмакратычных выбараў у Беларусі і на гэты раз не будзе. “Мы ведаем пра намер улады прадставіць некалькі дэпутатаў новай палаты прадстаўнікоў як чальцоў апазіцыі, і нам не важна, як будуць зваць гэтых людзей. У парламенце ў цяперашніх умовах могуць апынуцца толькі людзі, якія згодныя з дзейснымі ўладамі, і спісы гэтыя ўжо створаны”, — упэўнены Рымашэўскі. Па словах выступоўцы, кааліцыя збіраецца засяродзіцца на пільным назіранні за выбарамі менавіта на тых акругах, дзе будуць балатавацца найбольш моцныя прэтэндэнты ад кааліцыі на дэпутацкі мандат, каб засведчыць парушэнні ў працэсе кампаніі.

 

Апроч таго, распавеў Рымашэўскі, кааліцыя ўжо прыняла палітычнае рашэнне аб стварэнні пасля выбараў асамблеі народных прадстаўнікоў, “асноўнай мэтай якой будзе абарона інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь”. “Спадзяемся, што да гэтай ініцыятывы далучацца нашы калегі па-за межамі правацэнтрысцкай кааліцыі”, — сказаў Рымашэўскі.

 

З трох выступоўцаў толькі Юрась Губарэвіч збіраецца вылучацца кандыдатам у дэпутаты. Лябедзька і Рымашэўскі плануюць быць даверанымі асобамі ў шэрагу прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла ад правацэнтрысцкай кааліцыі.