Як затроліць уладу

Выбары даюць шанец. Але не палітыкам, а грамадзянам. Удзел у чарговых парламенцкіх выбарах практычна бессэнсоўны для тых, хто наіўна марыць стаць дэпутатам. Астатнім жа ёсць дзе разгарнуцца.

0_56a66_4a39e627_xl.jpg


У адпаведнасці з указам Лукашэнкі ад 6 чэрвеня №190, выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 11 верасня. Дакумент ужо размешчаны на Нацыянальным прававым партале, а значыць, набыў юрыдычную моц. Застаецца галоўнае пытанне: што рабіць?

 

Зараз усім зразумела, што выбары, нягледзячы на паўсюдныя заявы аб «дэмакратызацыі» і «ўліку прапаноў АБСЕ», пройдуць як звычайна. На іх будуць толькі дзве істотныя навацыі: адмова ад парогу яўкі на галасаванне ў 50% — пераможца зараз будзе вызначаны бальшынёй прагаласаваўшых; і Ярмошына абяцае, што сябры камісій не будуць засланяць сваімі філейнымі часткамі стол для падліку галасоў.

 

У астатнім сцэнар ранейшы. Лукашэнка перад гэтай палітычнай кампаніяй шматкроць нагадваў, што яна павінна прайсці спакойна і традыцыйна, то бок як заўсёды. З 1994 года міжнародная супольнасць ніводных выбараў у Беларусі за свабодныя і дэмакратычныя не прызнала. Гэта і ёсць «як заўсёды». І яшчэ кіраўнік дзяржавы дадаў, што не менш за траціну ў парламенце будзе «старых» дэпутатаў. Так што ўжо зараз вызначана, хто ў парламент патрапіць, а хто не.

 

У сувязі з гэтым удзел у парламенцкіх выбарах становіцца практычна бессэнсоўным. Праўда, ён губляе сэнс толькі для тых, хто наіўна марыць стаць дэпутатам. Астатнім жа ёсць дзе разгарнуцца.

 

Ва ўмовах адсутнасці выбараў, гэтая дзея ператвараецца ў палітычны працэс. Апазіцыя ўжо вырашыла ў ім удзельнічаць, і нават уцямна патлумачыла, навошта. Зараз, ва ўмовах эканамічнага калапсу, палітычная кампанія — лепшы чыннік для прасоўвання ў масы альтэрнатыўных ідэй. Улады нічога новага, апроч «абы не было вайны», запрапанаваць не могуць. Самы час перацягваць электарат на свой бок.

 

Канешне, «пашырэнне дэмакратычнага электарату» і шэрагу сваіх прыхільнікаў было мэтай усіх апошніх выбарчых кампаній, пачынаючы ад 2012 года. І штосьці не вельмі гэтае кола пашыралася. Аднак зараз ёсць магчымасць для другой ступені гэтай дзеі: сфармаваць і «прагнаць» праз выбарчую кампанію каманды новых лідараў. Гэта для іх, новых лідараў, — выдатная загартоўка на будучыню.


07.jpg


 

А вось хто насамрэч павінен разгарнуцца, дык гэта так званы «трэці сектар» і тая грамадзянская супольнасць, парасткі якой у нашай краіне пакрысе прабіваюцца праз аўтарытарны асфальт.

 

Як вядома, падчас выбараў усе пытанні палітызуюцца, і гэтым грэх не скарыстацца. Неаднаразова былі выпадкі, калі грамадзяне, дзеля вырашэння сваіх праблем, выстаўлялі ўладам своеасаблівы ўльтыматум: не вырашыце праблему — не пойдзем галасаваць. І пытанне вырашалася.

 

Ад такога прымітыўнага шантажу ўладаў трэба пераходзіць да больш сістэмных дзеянняў. У краіне шмат ініцыятыў, якія збіраюць подпісы «супраць» і «за»: за добраўпарадкаванне тэрыторый, за будаўніцтва бальніц і школ, супраць высечкі лясоў і будавання свінакомплексаў… Выбарчая кампанія дае выдатны шанец пашырыць гэтую працу, улічваючы, што для вылучэння кандыдата ў дэпутаты патрэбная тысяча подпісаў. Ніхто не забараняе стварыць у сябе «кандыдата ў кандыдаты» і, разам з подпісамі за яго, збіраць подпісы і за вырашэнне набалелай праблемы. У любым выпадку, аўтографы грамадзян не прападуць.

 

І ніхто не перашкаджае скарыстоўваць для гэтага і дэмакратычных кандыдатаў у парламент. Гэтае своеасаблівае ноў-хаў апрабаваў намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, калі на апошнім пікеце за вылучэнне кандыдаткай на прэзідэнта Таццяны Караткевіч збіраў подпісы пад «Народным рэферэндумам». Бо ніхто ж не забараняе збіраць подпісы сярод саміх пікетоўшчыкаў, праўда?

 

Жыхары мінскага мікрараёна «Зялёны луг» сабралі 3557 подпісаў супраць знішчэння парку на Цнянскім вадасховішчы. Гэта ў тры разы больш, чым патрэбна для вылучэння кандыдата ў парламент. Трэба казаць «бэ» — ствараць ініцыятыўную групу кандыдата і прайсці па людзях, што ўжо падпісаліся, яшчэ раз. А кандыдат у дэпутаты — гэта ўжо тая фігура, якая мае шанец ціснуць на мясцовыя ўлады, прымушаючы іх спыніць альбо хаця б прыпыніць будаўнічыя працы. Бо раптам ён пройдзе ў парламент? Тады ад праблем не адмахаешся…

 

І асаблівую ўвагу трэба надаць тым, хто балатуецца ў парламент па другім разе, у спадзевах патрапіць у вызначаныя Лукашэнкам 30%. Вось гэтых людзей трэба масава «троліць». Ёсць такое вызначэнне ў інтэрнэце, якое азначае правакаванне на дыскусію, прычым зусім не карэктнымі сродкамі. У дадзеным выпадку варта ведаць, што «паўторны» кандыдат у Палату прадстаўнікоў усё яшчэ з’яўляецца дзейсным дэпутатам гэтага органа. А таму варта патрабаваць ад яго не толькі адказнасці перад выбаршчыкам за ўжо прынятыя рашэнні, але і садзейнічання ў вырашэнні наяўных праблем. Хай наўпрост накіроўвае дэпутацкі запыт па існуючай праблеме — ён мае на гэта паўнамоцтвы.

 

Калі праявіць фантазію, можна знайсці яшчэ з тузін спосабаў зрабіць гэтую кампанію хаця б карыснай. Актывістам самы час дзейнічаць.