Ярмошына спадзяецца на змякчэнне ацэнак міжнародных назіральнікаў

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына не выключае, што на фоне паляпшэння ўзаемаадносін Беларусі і Еўрасаюза міжнародныя назіральнікі могуць змякчыць сваю ацэнку парламенцкай выбарчай кампаніі, што мае адбыцца.

1456654846_000022_113270_big.jpg


"Я думаю, ацэнка выбараў шмат у чым залежыць ад узаемаадносін дзяржавы на міжнароднай арэне з іншымі міжнароднымі партнёрамі, — заявіла Ярмошына ў інтэрв'ю БелаПАН. — Калі ўзаемаадносіны досыць цесныя і канструктыўныя, натуральна, гэта пазітыўна ўплывае і на наступную ацэнку выбараў".
Выбары ў Палату прадстаўнікоў, запланаваныя на 11 верасня, стануць першай выбарчай кампаніяй пасля адмены санкцый Еўрасаюза. Пры гэтым ЗША канчатковае рашэнне пра лёс санкцый Злучаных Штатаў у дачыненні да Беларусі звязваюць з вынікамі гэтых парламенцкіх выбараў.
Паводле слоў Ярмошынай, гэтыя акалічнасці не накладваюць на Цэнтральную камісію дадатковых абавязацельстваў. "Гаворка пра тое, што мы кожную выбарчую кампанію імкнуліся працаваць так, каб усякія абмежаванні, якія тычацца як асабіста беларускіх чыноўнікаў, так і нашых суб'ектаў гаспадарання, былі адмененыя", — сказала яна.
Пасылы, якія накіроўваюць міжнародныя чыноўнікі, лічыць Ярмошына, "не зусім карэктныя". "Любая дзяржава павінна працаваць у рамках уласнага дзяржаўнага суверэнітэту, але пры гэтым з выкананнем міжнародных стандартаў", — падкрэсліла яна.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН