Прэм'еры Расіі, Беларусі і Казахстана абмяркуюць выключэнні ў дагаворы аб ЕАЭС

Кіраўнікі ўрадаў Расіі, Беларусі і Казахстана сустрэнуцца 15 красавіка ў Маскве ў межах падрыхтоўкі дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС).



bel_rus_kaz_245.jpg

Як паведамляе РІА Новости са спасылкай на прэс-службу расійскага ўрада, "бакі разгледзяць палажэнні праекта, якія застаюцца няўзгодненымі. У асноўным яны закранаюць сферу выключэнняў і абмежаванняў на шляху свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы, што застаюцца ў межах Мытнага саюза (МС) і Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП)".


Апрача таго, падчас сустрэчы запланаваныя двухбаковыя перамовы расійскага прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам і прэм'ер-міністрам Казахстана Карымам Масімавым.


Нагадаем, дагавор аб стварэнні ЕАЭС павінен быць гатовы да мая 2014 года і набыць моц на прасторы МС 1 студзеня 2015 года. Базавыя прынцыпы ЕАЭС былі ўзгодненыя прэзідэнтамі "тройкі" ў снежні 2013 года ў Маскве.


Беларускі бок ініцыюе ўнясенне ў праект дагавора аб ЕАЭС норму аб ліквідацыі выключэнняў у пытаннях гандлю нафтай і нафтапрадуктамі. У Мінску мяркуюць, што практыка пералічэння Беларуссю ў расійскі бюджэт вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты павінна быць адменена (у 2013 годзе Беларусь пералічыла ў расійскі бюджэт у выглядзе вывазных пошлін на нафтапрадукты 3,3 млрд. долараў). 21 сакавіка начальнік галоўнага ўпраўлення знешняй эканамічнай палітыкі Мінэканомікі Раман Бродаў заявіў, што беларускі бок лічыць пытанне аб пералічэнні вывазных пошлін на нафтапрадукты вырашаным.


Разам з тым у партнёраў Беларусі па ЕАЭС ёсць свае прэтэнзіі да выключэнняў унутры аб'яднання. Казахстан выступае, апроч усяго, за свабодны доступ да трубаправода для транспарціроўкі энергарэсурсаў цераз тэрыторыю ЕАЭС. Расія ж заяўляе пра неабходнасць ліквідацыі астатніх выключэнняў у гандлі, уключаючы свабодны доступ расійскіх тавараў на рынак краін — удзельніц саюза.
Арцём Шрайбман, БелаПАН