Рух «За Свабоду» пратэстуе супраць блакавання сайтаў расійскімі дзяржворганамі на тэрыторыі Беларусі
Блакаванне сайтаў расійскімі дзяржворганамі на тэрыторыі Беларусі — незаконнае, лічыць Рух «За Свабоду». Арганізацыя звярнулася ў РУП «Белтэлекам» і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі з заклікам вырашыць гэтую праблему.
«Беларускія карыстальнікі Інтэрнэту, у тым ліку і сябры Руху «За Свабоду», адчуваюць заўважныя нязручнасці ад часу ўвядзення «чорнага спісу» сайтаў Роскомнадзору (РФ). Гэтыя праблемы ўзмацніліся ў апошні час, калі ў спіс трапілі шматлікія ўкраінскія сайты (у прыватнасці, 6 жніўня цягам раніцы быў заблакаваны сайт «Цэнзар.нет» (censor.net.ua), некалькі дзён доступ адсутнічаў да «Главное.ua» (glavnoe.ua)», — адзначаецца ў звароце Руха «За Свабоду».
Беларусы, якія жадалі праглядзець заблакаваныя расіянамі сайты, бачылі старонку з папярэджаннем: «доступ да сайту абмежаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам Расійскай Фэдэрацыі» — адзначалася таксама, што «сайт можа ўтрымліваць інфармацыю, распаўсюд якой на тэрыторыі Расеі забаронены».
Рух ад імя сябраў арганізацыі запатрабаваў патлумачыць РУП «Белтэлекам» і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, на якой падставе расійскія абмежаванні доступу да сайтаў ўжываюцца да беларусаў, а таксама, што беларускія ўлады плануюць рабіць, каб такія выпадкі не паўтараліся, і што рабіць карыстальнікам, калі праблема не знікне.
«Мы лічым падобныя блакіроўкі сайтаў дзяржаўным органам другой краіны, абсалютна незаконнымі», — падкрэслілі ў Руху «За Свабоду».
«Я сам неаднаразова сутыкаўся з тым, што сайты — недаступныя з інтэрнэт-злучэння, якія абслугоўваюць беларускія правайдэры. Пры чым, гэта тычыцца як правадных правайдэраў, так і мабільных», — пракаментаваў сітуацыю першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.
Па ягоных словах, відавочна, што «блакіроўка адбываецца на цэнтралізаваным узроўні «Белтэлекама». «Я не ведаю дакладна тэхнічных падрабязнасцяў, але абурае сам факт, што беларускія карыстальнікі Інтэрнэту сутыкаюцца з абмежаваннямі доступу да сайтаў з боку дзяржворганаў другой краіны», — адзначыў першы намеснік старшыні Руху, дадаўшы, што арганізацыя выступае супраць любой цэнзуры ў Інтэрнэце.
Рух «За Свабоду» патрабуе тлумачэнняў ад «Белтэлекама» і Мінсувязі. «Мы таксама звяртаемся да грамадзянаў Беларусі, якія таксама сутыкнуліся з праблемай доступу да сайтаў з прычыны іх блакіроўкі расійскімі дзяржворганамі, з заклікам пісаць звароты і патрабаваць адказаў ад беларускіх уладаў», — заключыў першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.