Таццяне Караткевіч адмовілі ў сустрэчы са студэнтамі-эканамістамі і памежнікамі
Кандыдатцы ў прэзідэнты Таццяне Караткевіч адмовілі ў сустрэчы са студэнтамі Эканамічнага ўніверсітэта ў Мінску. Адміністрацыя БДЭУ спасылаецца на пастанову Мінгарвыканкама, дзе прапісаныя дазволеныя для сустрэч месцы. У гэтым спісе 203 пляцоўкі, у тым ліку школы, гімназіі, каледжы.
У гэтую выбарчую кампанію ўлады сталіцы строга прытрымліваюцца гэтага спісу. Такую думку ў размове з Еўрарадыё выказаў кіраўнік штабу Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў.
«Там дзе законам вызначана, што можна праводзіць сустрэчы, праблемы няма. Мы хацелі сустрэцца са студэнтамі, таксама мы рабілі запыт на сустрэчу са студэнтамі-памежнікамі — нам адмовілі» — сказаў Дзмітрыеў.
У спісе месцаў, дазволеных для сустрэч два універсітэты: Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут і адно з памяшканняў Вайсковай акадэміі.