Гомельскія актывісты маюць намер правесці агітацыйныя сходы супраць чарговага абрання Лукашэнкі
Гомельскія актывісты апазіцыі плануюць правесці 7 кастрычніка ў абласным цэнтры сходы з выбаршчыкамі з мэтай агітацыі супраць абрання Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам.
Адпаведную заяву старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка і рэгіянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Уладзімір Кацора падалі ў Чыгуначную раённую выбарчую камісію.
Апазіцыянеры просяць тэрытарыяльны выбаркам даць ініцыятыўнай групе якую ўзначальвае Кацора, актавыя залы школы № 57 і ДК «Гомсельмаш», вызначаныя для сходаў выбаршчыкаў з мэтай агітацыі. Памяшкання патрэбныя «для сходу выбаршчыкаў з мэтай правядзення агітацыі супраць абрання прэзідэнтам грамадзяніна А. Р. Лукашэнка, абмеркавання праграм іншых кандыдатаў і сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне».
Як пракаментаваў БелаПАН гэтую ініцыятыву Уладзімір Кацора, «выбарчае заканадаўства не забараняе праводзіць сходы з мэтай агітацыі». «Праводзіць сходу ў памяшканнях могуць не толькі кандыдаты або іх давераныя асобы, а і грамадзяне або ініцыятыўныя групы. Толькі трэба, каб у заяўлены час у дадзеным памяшканні не было іншага мерапрыемства. У нас ёсць папярэдняя згода і дырэктара школы, і ДК, што ў дадзены дзень і ў дадзены час ніякая давераная асоба не планавала праводзіць там сход. Паглядзім, што адкажа нам выбаркам», — сказаў ён.
Раней актывісты Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» падавалі ў Гомельскі гарвыканкам заяўкі на правядзенне пікетаў з мэтай агітацыі супраць абрання прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі. Але гарадскія ўлады не далі дазвол на правядзенне пікетаў, спасылаючыся на невыкананне пунктаў 1 і 3 рашэння гарвыканкама «Аб масавых мерапрыемствах». Гэта значыць праводзіць пікеты ў Гомелі можна толькі на двух пляцоўках у горадзе і таксама неабходна заключыць платныя дамовы з камунальнымі службамі і хуткай дапамогай. Апазіцыянеры ж заявілі пікеты на іншых пляцоўках, што і паслужыла падставай для адмовы ў дазволе.
«У дадзеным жа выпадку — правядзенні сходу з выбаршчыкамі ў памяшканні, а не на пікеце — не трэба дазвол выканкама, а толькі ўзгадненне з выбарчай камісіяй», — удакладніў Уладзімір Сякерка.