Пуцін сказаў, што да канца вайны ў Данбасе «далёка» і папрасіў Парашэнку аб сустрэчы
Кіеў разглядае запыт Масквы аб правядзенні сустрэчы прэзідэнтаў РФ і Украіны — Уладзіміра Пуціна і Пятра Парашэнкі. Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Украіны Канстанцін Елісееў.
«На сённяшні дзень ёсць запыт расійскага боку на правядзенне двухбаковай сустрэчы ў Парыжы. Будзе сустрэча — будзе залежаць ад украінскага боку. Цяпер мы гэтае пытанне разглядаем», — заявіў Елісееў на брыфінгу ў чацвер у Кіеве, перадае УНІАН.
2 кастрычніка ў Парыжы пройдзе сустрэча ў фармаце «Нармандскай чацвёркі» ў складзе прэзідэнтаў Украіны, Германіі, Францыі і Расіі.
Прэзідэнт Пётр Парашэнка падчас сустрэчы лідэраў паставіць перад Расіяй пытанне аб адмене псеўдавыбараў на акупаваных тэрыторыях Данбаса, распавёў Елісееў.
«Самым важным пытаннем будзе пытанне аб адмене расійскім бокам правядзення фэйкавых выбараў на Данбасе, адпаведна, 18. кастрычніка і 1 лістапада, і ў гэтым пытанні ёсць адзіная пазіцыя для Украіны, Германіі і Францыі, і гэтая пазіцыя была пацверджана ў Нью-Ёрку ў час двухбаковых сустрэч, адпаведна, з прэзідэнтам Францыі і канцлерам ФРГ аб тым, што важнай перадумовай далейшага працэсу мірнага ўрэгулявання з’яўляецца адназначная адмена Расіяй гэтых выбараў», — падкрэсліў Елісееў.
Пры гэтым ён паведаміў, што перад пачаткам перамоваў у нармандскага фармаце Парашэнка правядзе двухбаковую сустрэчу з прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам.
Між тым, 1 кастрычніка Уладзімір Пуцін заявіў, што да вырашэння крызісу на ўсходзе Украіны «пакуль далёка».
«Да вырашэння пакуль далёка, але ёсць рэчы, якія даюць упэўненасць у тое, што крызіс можа быць пераадолены, і самае галоўнае, што стральбы няма сёння. Будзем разлічваць, што дыялог паміж гэтымі непрызнанымі рэспублікамі і кіеўскімі ўладамі ўсё-такі будзе пазітыўным. І будзе выконвацца галоўная ўмова для дасягнення любога кампрамісу — прамы дыялог», — цытуюць Пуціна РІА "Новости".
Ён выказаў надзею, што ўсе баявыя сутыкненні на Данбасе канчаткова спыняцца пасля адводу ўзбраенняў калібрам менш 100 міліметраў. «Ну і, вядома, разлічваю на тое, што менскія пагадненні будуць выконвацца. Заўтра мы з калегамі пагаворым пра гэта ў Парыжы», — сказаў Пуцін.